Беларусь не выключае, што прыме ІІ Еўрапейскія гульні
Але вымушаная лічыць грошы.
Беларусь не адмовілася ад прапановы Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў прыняць ІІ Еўрапейскія гульні. Такую заяву зрабіў першы віцэ-прэзідэнт НАК, памочнік прэзідэнта ў пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму Максім Рыжанкоў у праграме “Галоўны эфір” Першага канала 28 чэрвеня.
Аднак, паводле яго слоў, аб’ём сродкаў, патрачаных на Еўрапейскія гульні ў Баку, прымушае “вельмі моцна лічыць”. Пры гэтым Рыжанкоў адзначае, што ў Беларусі ёсць патрэбная інфраструктура, таму выдаткі на гэтым этапе былі б меншыя. Аднак запрашэнне шасці тысяч атлетаў, паўтары тысячы афіцыйных асобаў, а таксама розныя арганізацыйныя выдаткі патрабуюць вялізарных сродкаў, сказаў спартовы чыноўнік.
Вынікі беларусаў на Гульнях у Баку Рыжанкоў ацаніў са стрыманых аптымізмам. Паводле яго словаў, 43 медалі — гэта не тая мяжа, на якую можна разлічваць з улікам фінансавання і забеспячэння, якое ўкладваецца ў Беларусі ў спорт, паведамляе БелаПАН.