Беларускі баксёр Дзмітрый Асанаў заваяваў срэбра на Еўрапейскіх гульнях

19-гадовы беларускі баксёр Дзмітрый Асанаў заваяваў срэбную ўзнагароду Еўрапейскіх гульняў у вазе да 56 кг, паведамляе БЕЛТА.

Сёння ў фінальным баі беларус сустракаўся з 21-гадовым расіянінам Бахтаварам Назіравым і пацярпеў паражэнне па ачках — 1:2 (29:28, 28:29, 28:29). Такім чынам, Асанаў атрымаў срэбны медаль.


На рынгу ў Баку Асанаў без барацьбы пераадолеў стадыю 1/8 фіналу праз адхіленне ад спаборніцтваў яго суперніка албанца Рэджыльда Зенелі за ўжыванне забароненых рэчываў (допінгу). У чвэрцьфінале Асанаў перамог балгарына Стэфана Іванова (3:0), а напярэдадні з тым жа вынікам у паўфінале адолеў брытанца Каіса Ашфака.

Уладальнікамі бронзы Еўрапейскіх гульняў у вазе да 56 кг сталі Каіс Ашфак і азербайджанец Тайфур Аліеў.

Дзмітрый Асанаў — адзіны беларускі спартсмен, які ўзышоў на п'едэстал баксёрскага турніру на бакінскім старце.

У агульным медальным заліку Беларусь на Еўрапейскіх гульнях займае 5-ае месца. Мы маем 42 медалі, сярод іх 10 — залатыя, 10 — срэбныя і 22 бронзавыя. Першае месца займае Расія (58 залатых медалёў), другое — Азербайджан (15 залатых медалёў), трэцяе — Вялікабрытанія (14 залатых медалёў), чацвёртае — Германія (13 залатых медалёў). 

Фота: boxingbelarus.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі