На Еўрагульнях самбіст-беларус вынес на сабе траўмаванага саперніка
Гледачы сустрэлі ўчынак спартоўца апладысментамі.
На спаборніцтвах па самба на Першых Еўрапейскіх гульнях у Баку беларускі спартовец вызначыўся высакародным учынкам. У барацьбе за золата ў вагавай катэгорыі 74 кг сустракаліся беларус Сцяпан Папоў і азербайджанец Аміль Гасымаў.
Падчас паядынку азербайджанскі самбіст атрымаў траўму пляча. Як піша "Прессбол", пабачыўшы, што саперніку цяжка самастойна пакінуць татамі, беларус падняў яго на плечы і панёс у распранальню.
Гледачы сустрэлі ўчынак беларускага спартоўца бурнымі апладысментамі.
Сцяпану Папову дасталося золата Еўрагульняў, а яго саперніку Гасымаву — срэбра.