Еўрапейскія гульні ў Мінску: таннейшыя, чым у Баку, але з расстрэлам напярэдадні
Мінск напярэдадні Еўрапейскіх гульняў. 18 чэрвеня 2019 года / Еўрарадыё
21 чэрвеня ў Мінску пачнуцца II Еўрапейскія гульні — спаборніцтвы, у якіх будуць удзельнічаць спартсмены з пяцідзесяці краін Еўропы. Еўрапейскія гульні праводзяцца раз на чатыры гады, упершыню яны прайшлі ў 2015 годзе ў Баку. І тады, і цяпер праваабаронцы выкарыстоўвалі міжнародную ўвагу, каб расказваць пра складаную сітуацыю з правамі чалавека ў краінах — гаспадынях Гульняў. Журналісты з Азербайджана і Беларусі вырашылі параўнаць, як праходзіла падрыхтоўка да Еўрапейскіх гульняў у абедзвюх краінах.
"Уся падзея — фарс"
Незадоўга да адкрыцця Еўрапейскіх гульняў стала вядома, што ў Беларусі прывялі ў выкананне чарговы смяротны прысуд. Расстраляны Аляксандр Жыльнікаў, які забіў траіх чалавек у 2015 годзе, пра лёс яго саўдзельніка Вячаслава Сухарко пакуль нічога не вядома. Яшчэ адзін асуджаны на смяротнае пакаранне, бабруйскі забойца Аляксандр Асіповіч, чакае прывядзення прысуду ў выкананне.
Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай краінай, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне. Еўрапейскія палітыкі асудзілі чарговы расстрэл, падкрэсліўшы, што права на жыццё і адмена смяротнага пакарання — адны з галоўных еўрапейскіх каштоўнасцяў. Кіраўнік групы сацыялістаў у ПАСЕ Франк Швабэ назваў будучыя Гульні ў Беларусі фарсам.
"Рашэнне правесці Еўрапейскія гульні ў Беларусі было з самага пачатку памылковым. Уся падзея — фарс", — заявіў палітык.
Азербайджан адмовіўся ад смяротнага пакарання 20 гадоў таму, а апошні смяротны прысуд у краіне быў выкананы больш за 25 гадоў таму.
Прэвентыўныя затрыманні
У 2014 годзе, перад чэмпіянатам свету па хакеі ў Мінску, беларускія ўлады правялі серыю затрыманняў. Палітычныя апаненты ўлад — актывісты, здольныя арганізаваць вулічныя акцыі, — былі ізаляваныя і на розных падставах пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі. У праваабарончым цэнтры "Вясна" журналістам Еўрарадыё сказалі, што не выключаюць аналагічных затрыманняў напярэдадні Еўрапейскіх гульняў.
"Пакуль паведамленняў пра гэта няма. Адзінае, што можна сказаць, што час на гэта ва ўлад яшчэ ёсць. На жаль, практыка прэвентыўных затрыманняў можа быць выкарыстана і цяпер", — лічыць праваабаронца Уладзімір Лабковіч.
Напярэдадні першых Еўрагульняў у Баку праваабарончыя арганізацыі нагадвалі, што спартовае шоу пройдзе на фоне маштабных палітычных рэпрэсій. "Пачынаючы з 2014 года ўлады пераследавалі або арыштавалі не менш за 35 журналістаў, праваабаронцаў і палітычных актывістаў па неабгрунтаваных абвінавачаннях. Рэпрэсіі прымусілі адных бегчы, а іншых сысці ў падполле. Урад таксама замарозіў банкаўскія рахункі дзясяткаў незалежных НДА, зрабіўшы немагчымай працу ў галіне правоў чалавека", — гаворыцца ў заяве Human Right Watch, якая была зроблена напярэдадні адкрыцця Еўрапейскіх гульняў 2015 года.
Таксама праваабарончая арганізацыя падкрэслівала, што некалькім еўрапейскім журналістам азербайджанскія ўлады не дазволілі асвятляць мерапрыемства — ім было адмоўлена ў візах і акрэдытацыі.
За чый кошт гэты банкет?
Цырымоніі адкрыцця і закрыцця II Еўрапейскіх гульняў у Мінску правядзе расійская кампанія ТАА "Арт Сіці-5". Гэтае шоу абыдзецца ў 12 млн долараў. Усяго ж Гульні каштуюць каля 115 млн долараў. Плюс каля 200 млн долараў, выдаткаваных на рэканструкцыю стадыёна "Дынама".
У Беларусі прадметам абмеркавання сталі не cтолькі выдаткі дзяржаўнага бюджэту на правядзенне спаборніцтваў, колькі якасць падрыхтоўчых работ. Напрыклад, вада з вадасцёкавых труб на свежанькім стадыёне "Дынама" сцякала проста пад ногі гледачам на трыбунах. Эксперты і зацікаўленыя асобы абмяркоўвалі стан газона, які абышоўся ў 432 тысячы еўра. За два месяцы да адкрыцця Еўрапейскіх гульняў высветлілася, што на новым газоне — буйныя пралысіны. Футбольныя матчы на "Дынама" былі адмененыя, і да пачатку Гульняў спецыялісты паспелі прывесці яго ў парадак.
Азербайджан падышоў да арганізацыі сваіх Еўрагульняў з вялікім размахам. Толькі на будаўніцтва новага стадыёна ў Баку ўлады выдаткавалі 600 мільёнаў долараў. Па афіцыйных даных, агульныя затраты на правядзенне Еўрапейскіх гульняў абышліся азербайджанскаму бюджэту ў $1,2 млрд, але крытыкі правядзення гульняў лічылі, што ў рэальнасці сума была нават большая.
Гульні не маюць дачынення да палітыкі?
Арганізатары Еўрапейскіх гульняў падкрэсліваюць, што гэтыя спаборніцтвы не маюць дачынення да палітыкі. "Гэта не палітычны праект, — сказаў пасол Беларусі ў Італіі Аляксандр Гур'янаў на прэзентацыі, якая прайшла ў пачатку траўня ў Рыме. — Мы проста хочам, каб нашы госці ўбачылі Беларусь і пераканаліся ў несправядлівасці многіх існуючых стэрэатыпаў".
Аднак без інцыдэнтаў, якія могуць разглядацца ў палітычным кантэксце, усё ж такі не абышлося. У промароліку будучай падзеі, прысвечаным спартовым дасягненням мінулых Еўрапейскіх гульняў, былі няправільна паказаны межы Ізраіля. Аўтары прымудрыліся зрабіць памылкі і ў надпісе на іўрыце — зрабілі яго не як належыць, а злева направа. Міністр спорту Ізраіля Міры Рэгеў назвала гэтую гісторыю грубым парушэннем Алімпійскай хартыі і недапушчальным умяшаннем палітыкі ў спорт: "Пры ўсёй павазе да аргкамітэта Еўрапейскіх гульняў, ён не будзе вызначаць межы дзяржавы Ізраіль", — сказала міністр.
Як захоўваецца бяспека
З 11 чэрвеня вакол Вёскі спартсменаў у Мінску выставілі кругласутачную ахову. За тэрыторыяй назіраюць 70 відэакамер. "Доступ на тэрыторыю забяспечваюць чатыры кантрольна-прапускныя пункты. На цяперашні момант унутр дапускаюцца па акрэдытацыі толькі абслуговы персанал, экстранныя службы і аўтамабілі, якія падвозяць прадукты харчавання. Усе людзі і транспартныя сродкі старанна аглядаюцца", — расказаў супрацоўнік мінскай міліцыі Дзмітрый Каладзінскі, які адказвае за грамадскую бяспеку ў Маскоўскім раёне сталіцы.
А вось бетонныя блокі на пад'ездзе да фан-зоны Еўрапейскіх гульняў на Нямізе ў цэнтры Мінска былі прыбраны па асабістым распараджэнні Аляксандра Лукашэнкі. Ён заявіў, што бяспеку трэба забяспечваць "без агароджаў", інакш "мы, часам не думаючы, у плане перастрахоўкі або яшчэ чагосьці пачынаем ствараць не то "канцлагеры", не то нейкія "гета" ў Беларусі". "Мы сёння не ў Сірыі, не ў Лівіі, і ў нас не Ірак, каб усё гэта рабіць", — дадаў кіраўнік Беларусі.
У той жа дзень Лукашэнка прыняў адстаўку міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.
У Азербайджане заяўлялі аб беспрэцэдэнтных мерах бяспекі падчас Еўрапейскіх гульняў, аднак спаборніцтвы азмрочыў інцыдэнт, які чатыры гады таму адбыўся проста ў бакінскай Вёсцы спартсменаў: аўтобус, які абслугоўваў Гульні, урэзаўся ў групу аўстрыйскіх спартсменак, якія вярталіся з трэніроўкі. Яны атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці.
А мясцовыя жыхары рады?
Мінск чакае свята і наплыву турыстаў, але і без нязручнасцяў для мясцовых жыхароў не абышлося. З сярэдзіны чэрвеня на цэнтральных вуліцах сталіцы Беларусі выдзелены палосы для руху абслуговага транспарту Еўрагульняў. Простым смяротным заязджаць на іх забаронена, інакш — штраф. У некаторых месцах з-за выдзеленых палос адменены левыя павароты, што таксама вядзе да нязручнасцяў для кіроўцаў.
Сотням студэнтаў мінскіх ВНУ прыйшлося пераехаць з інтэрнатаў, аддадзеных пад спартыўную вёску. Іх перасялілі ў значна менш камфортныя ўмовы. Валанцёры для Еўрапейскіх гульняў у асноўным набіраліся з ліку мінскіх студэнтаў. Вярбоўка не заўсёды праходзіла гладка — часам кіраўніцтва ВНУ ўключала адміністрацыйны рэсурс. А студэнтцы, якая спачатку згадзілася быць валанцёркай, але потым адмовілася ўдзельнічаць у арганізацыі Еўрапейскіх гульняў, не хочуць залічваць датэрмінова здадзены іспыт. Маўляў, на ім да яе, як да валанцёркі, было асаблівае, паблажлівае стаўленне.
На плошчы Незалежнасці ў цэнтры Мінска ўсталявалі велізарны надпіс "ЕЎРАПЕЙСКІЯ ГУЛЬНІ". У мінчан і ў турыстаў стала модна фатаграфавацца на яго фоне, закрыўшы правую палачку ў літары "П".
Ведаючы пра нецярпімае стаўленне беларускай міліцыі да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці, усе чакаюць, калі ж за такія фота пачнуць затрымліваць і штрафаваць. Але не перастаюць весяліцца.
Матэрыял зроблены пры падтрымцы "Медиасети"