Беларусь падорыць Сербіі 12 “букаў” і 8 “МіГаў”

Беларусь падорыць Сербіі 12 “букаў” і 8 “МіГаў”

Беларусь перадасць Сербіі два дывізіёна (12 СОУ) зенітна-ракетных комплексаў "Бук" і два звяна (восем машын) шматмэтавых знішчальнікаў чацвёртага пакалення МіГ-29 з умовай, што Бялград аплаціць іх рамонт і мадэрнізацыю. Як паведаміў міністр абароны Сербіі Зоран Джорджавіч, па вяртанні з паездкі ў Мінск, тэхніка будзе пастаўленая ў 2018 годзе, паведамляе ТАСС.

Дэталі супрацоўніцтва будуць абмяркоўвацца з траўня гэтага года, калі прадугледжана стварэнне сумеснага органа па супрацоўніцтве ў галіне абароны, аналагічнага тым, якія ўжо існуюць у Сербіі з іншымі краінамі. У сувязі з гэтым кіраўнік ваеннага ведамства не мог назваць дакладную суму, у якую абыйдзецца рамонт і мадэрнізацыя ЗРК "Бук" і МіГаў.

Джорджавіч адзначыў вялікі патэнцыял сербска-беларускіх адносін у ваенна-тэхнічнай галіне, а таксама магчымасць стварэння сумесных праектаў у абароннай прамысловасці з выхадам на рынкі трэціх краін. "Беларускія грузавікі і будаўнічая тэхніка былі б цікавыя для сербскай арміі. Ёсць магчымасць супрацоўніцтва ў пытанні рамонту і мадэрнізацыі розных сістэм зброі расійскага паходжання", — сказаў міністр, дадаўшы, што Беларусь зацікавілася ракетным палівам і іншымі таварамі сербскай прамысловасці.

Прэм'ер-міністр Сербіі Аляксандр Вучыч наведаў з візітам Мінск 26-27 студзеня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі