Беларусь падоўжыла забарону на вываз шэрагу тавараў
Абмежаванні на вываз асобных відаў прадукцыі дзейнічаюць з восені 2022 года
Урад Беларусі яшчэ на паўгода падоўжыў забарону на вываз асобных прамысловых тавараў. Адпаведная пастанова ўрада апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Дакумент уступіў у сілу з 23 верасня.
Нагадаем, першапачаткова экспартныя абмежаванні былі ўведзеныя на паўгода ў верасні 2022 года. У лютым 2022 года Расія напала на Украіну, многія заходнія кампаніі абвясцілі аб сыходзе з расійскага і Беларускага рынкаў. Затым рэжым забароны на вываз тавараў з Беларусі неаднаразова падаўжалі. Апошні раз у сакавіку 2024 года, таксама на шэсць месяцаў.
У спісе некалькі сотняў пунктаў. Вывозіць з краіны нельга чыгуначныя лакаматывы, трактары, ровары, медыцынскія вырабы, розныя інструменты і абсталяванне, ядзерныя рэактары, халадзільнае і маразільнае абсталяванне, абсталяванне для сельскай і лясной гаспадаркі, пыласосы, тэлефоны, дзіцячы пластылін і многае іншае.
Тавары з пераліку забаронена вывозіць з Беларусі, незалежна ад краіны паходжання прадукцыі. Але ёсць шэраг выключэнняў. У прыватнасці, можна вывозіць тавары з сертыфікатамі аб беларускім або расійскім паходжанні. Таксама забарона не тычыцца тавараў, атрыманых у выніку перапрацоўкі. Ёсць магчымасць экспарту па разавых ліцэнзіях, а таксама пры ўзгадненні з зацікаўленымі дзяржорганамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.