Урад Беларусі зноў падоўжыў забарону на вываз прамысловых тавараў
У пераліку тавараў, якія забаронена вывозіць з краіны, ёсць і аўтамабілі, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Урад Беларусі працягнуў яшчэ на паўгода забарону на вываз прамысловых тавараў з краіны. Тэкст пастановы Саўміна апублікаваны ў аўторак на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале.
За межы Беларусі, у тым ліку ў краіны ЕАЭС забаронена вывозіць тавары "незалежна ад краіны паходжання", уключаныя ў спецыяльны пералік. Але прадугледжаны і шэраг выключэнняў. У прыватнасці, па ўзгадненню з рэспубліканскімі органамі дзяржкіравання можна вывозіць тавары з сертыфікатамі аб беларускім або расійскім паходжанні. Ёсць магчымасць экспарту па разавых ліцэнзіях. Акрамя таго, гэтая забарона не тычыцца транзіту.
Нагадаем, упершыню забарона на вываз асобных прамысловых тавараў была ўведзена ў сакавіку 2022 года. Затым гэтая забарона перыядычна працягвалася. У спісе ўказаны 254 віды прадукцыі, у тым ліку легкавыя аўтамабілі, чыгуначныя лакаматывы, трактары, веласіпеды, медыцынскія вырабы, розныя інструменты і абсталяванне, ядзерныя рэактары, халадзільнае і маразільнае абсталяванне, абсталяванне для сельскай і лясной гаспадаркі, пыласосы, тэлефоны, дзіцячы пластылін і многае іншае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.