Беларусь падстрахавалася на выпадак судоў з партнёрамі па ЕАЭС?

Хоць беларускі парламент і ратыфікаваў Дамову аб Еўразійскім эканамічным саюзе, але паставіў партнёрам умову. Маўляў, наша краіна “будзе добрасумленна выконваць свае абавязанні ў межах Дамовы, калі будуць дасягнутыя канкрэтныя дамоўленасці аб зняцці бар’ераў, абмежаванняў і выняткаў найперш у галіне энерганосьбітаў, прадукцыі зборачных вытворчасцяў, лібералізацыі аўтамабільных перавозак і іншых адчувальных пазіцый”.  

Заява гучная, але што далей? Як адзначае эксперт у юрыдычным праве Алег Фядотаў, гэтыя заява застанецца выключна ў беларускім законе “Аб ратыфікацыі Дамовы аб ЕАЭС”, але ў саму “Дамову аб стварэнні ЕАЭС” не трапіць. Да ўсяго, звяртае ўвагу эксперт, у артыкуле №117 Дамовы аб ЕАЭС канкрэтна пазначаецца, што “ніякія агаворкі да гэтай Дамовы не дапускаюцца”. І хоць гэта не “агаворка”, на што звяртае ўвагу і старшыня камісіі па міжнародных адносінах парламенту Мікалай Самасейка, а толькі “заява”, але яна будзе мець сапраўдную моц толькі ў выпадку яе прызнання ўсімі ўдзельнікамі ЕАЭС.

Алег Фядотаў: “Я моцна сумняваюся, што Расія і Казахстан пагодзяцца гэтую заяву лічыць “дакументам, складзеным у сувязі з падпісаннем Дамовы”. І сама гэтая заява не змяняе юрыдычныя параметры “Дамовы аб стварэнні  ЕАЭС” — яна засталася нязменнай. Але калі раптам справа дойдзе да суда, калі ўзнікне нейкая спрэчка, то ёсць імавернасць таго, што гэтая заява будзе прынятая да заўвагі. У тым ліку калі гэта будзе спрэчка праз невыкананне, да прыкладу, Беларуссю сваіх абавязанняў ”.

Такім чынам, разважае суразмоўца Еўрарадыё, унесеная ў закон “Аб ратыфікацыі Дамовы” заява — не больш чым падстрахоўка з боку нашай краіны на выпадак, калі справа дойдзе да суда. А да суда справа можа дайсці, калі бар’еры, абмежаванні і выняткі, да прыкладу, у галіне энерганосьбітаў будуць не здымацца, а павялічвацца.

Адначасова з беларускім законапраект “Аб ратыфікацыі Дамовы аб стварэння ЕАЭС” разглядалі і казахскія парламентарыі, распавядае Еўрарадыё казахскі палітолаг Жан Кашарбаеў. І ўхвалілі яго, як і дэпутаты, аднагалосна — нават апазіцыя не выказала ніякіх прэтэнзій да дамовы. Хоць раней казахі мелі да эканамічнай часткі Дамовы такія ж прэтэнзіі, як і беларусы.

Жан Кашарбаеў: “Гэтыя прэтэнзіі агучваліся на ўзроўні экспертнай супольнасці, былі дэбаты і кулуарныя размовы ў парламенце, але ўчора нічога існага, нейкіх карэкціровак, нават па эканамічным блоку пытанняў, прынята не было”. 

                        Жан Кашарбаеў

Па словах Жана Кашарбаева, заява беларускіх парламентарыяў — не больш чым палітычны жэст. Казахстан жа, падпісваючы Дамову, вызначыўся са шляхам эканамічнага развіцця, пагадзіўся з усімі яго палажэннямі, з тым, як і ў якія тэрміны будуць здымацца ўсе “бар’еры, абмежаванні і выняткі”, і таму неабходнасці ў нейкіх “палітычных жэстах і папярэджаннях партнёраў не бачыць”.

Як вядома, для Беларусі самым “балючым” пытаннем, было вяртанне ў расійскі бюджэт вывазных мытных пошлін, атрыманых у выніку экспарту нафтапрадуктаў. А гэта 3,3 мільярда долараў. Пакуль дамовіліся, што 1,5 мільярда будзе заставацца ў беларускім бюджэце, але мы б хацелі пакідаць сабе ўсё. Паводле Дамовы, вырашыць гэта складанае пытанне павінныя да… 2025 года. І не толькі па нафце.

“Беларускі бок ставіў перад нашымі партнёрамі ўмову, што гэтых выняткаў не павінна быць зусім, але бакі ўсё ж прыйшлі да таго, што гэтае і іншыя адчувальныя выняткі будуць захоўвацца ў той ці іншай ступені па глыбіні і па памерах да 2025 года”, — прызнае кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Андрэй Кабякоў.

Наперадзе як найменш 10 гадоў на тое, каб паміж краінамі-ўдзельніцамі ЕАЭС была створаная сапраўдная адзіная эканамічная прастора, з роўнымі для ўсіх умовамі. Калі “Дамова аб утварэнні ЕАЭС” будзе выконвацца, адзначае беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук.

Яраслаў Раманчук: “Па сутнасці, усе дамовы, якія былі падпісаныя паміж Беларуссю і Расіяй, выконваліся так: кожны бок што хацеў, тое і рабіў, шукаў нейкія дзіркі, праз якія прасоўваў свае інтарэсы. І гэтая дамова нічым не адрозніваецца ад Мытнага саюза, ад Саюзнай дзяржавы — усё гэта адно і тое ж. І таму я тут не бачу ніякага інтэграцыйнага прарыву, ніякага сведчання, што ён адбудзецца менавіта дзякуючы гэтай дамове”.

                                             Яраслаў Раманчук

Па словах Алега Фядотава, беларускі бок не зможа скарыстацца заявай-папярэджаннем, унесенай у закон “Аб ратыфікацыі закона аб стварэнні ЕАЭС”, каб выйсці з гэтага ўтварэння. Бо паводле падпісанай і ратыфікаванай Дамовы, усе фінансавыя абавязанні ўсё адно давядзецца выконваць. 

Фота: Змітра Лукашука, з архіва Жана Кашарбаева, rus.azatutyun.am 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі