Беларусь працягвае садзейнічаць вайне ва Украіне, адзначылі на саміце NATO
Саміт NATO праходзіць у Вашынгтоне
Беларусь працягвае садзейнічаць вайне ва Украіне, калі прадастаўляе сваю тэрыторыю і інфраструктуру. Пра гэта гаворыцца ў выніковай дэкларацыі саміту NATO, які напярэдадні адкрыўся ў Вашынгтоне. Сустрэча прысвечана 75-й гадавіне ўтварэння Альянсу.
"Паглыбленне палітычнай і ваеннай інтэграцыі Расіі і Беларусі, уключаючы разгортванне перадавых расійскіх ваенных магчымасцей і персаналу, мае негатыўныя наступствы для рэгіянальнай стабільнасці і абароны Альянсу", — зазначаецца ў дэкларацыі.
Вайне ва Украіне, якую пачала Расія, прысвечана вялікая частка гэтага дакумента. Адзначаецца, што Расія нясе выключную адказнасць за гэтую вайну, за парушэнне міжнароднага права, уключаючы Статут ААН, гібель мірных жыхароў і разбурэнне інфраструктуры. "Расія павінна неадкладна спыніць вайну і поўнасцю і безумоўна вывесці ўсе свае войскі з Украіны ў адпаведнасці з рэзалюцыямі Генеральнай Асамблеі ААН. Мы ніколі не прызнаем незаконныя анэксіі Расіяй украінскай тэрыторыі, уключаючы Крым", гаворыцца ў дакуменце.
Таксама зазначаецца, што ў Альянсе поўнасцю падтрымліваюць "права Украіны выбіраць уласныя меры бяспекі і вызначаць сваю будучыню, свабодную ад знешняга ўмяшання", і што "будучыня Украіны — у NATO". Гаворыцца, Украіна становіцца ўсё больш сумяшчальнай і палітычна інтэграванай з Альянсам, але запрашэнне да ўступлення яна атрымае, калі "саюзнікі пагодзяцца і будуць выкананы ўмовы".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.