Беларусь разглядае магчымасць пастаўкі нафты праз украінскія і балтыйскія порты
Беларусь разглядае магчымасць пастаўкі нафты праз украінскія і балтыйскія порты. Гэта звязана з меншай рэнтабельнасцю расійскай нафты пасля расійскага падатковага манеўру. Пра гэта ў інтэрв'ю газеце "СБ. Беларусь сегодня" заявіла намесніца старшыні канцэрна "Белнафтахім" Святлана Гурына.
Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы сутыкнуліся з праблемамі ў сувязі з расійскім падатковым манеўрам і сёлетнім інцыдэнтам з пастаўкамі "бруднай" нафты. Па выніках года пастаўка расійскай нафты на беларускія НПЗ складзе 18 мільёнаў тон. "Пры гэтым выйсці на запланаваны аб'ём транспарціроўкі нафты пакуль не ўдаецца", — кажа Гурына.
У такіх умовах беларускі бок пачаў шукаць альтэрнатыўныя крыніцы пастаўкі нафты."Разглядаем магчымасць пастаўкі сыравіны з краін СНД, Блізкага Усходу, Афрыкі да нашых НПЗ як праз ўкраінскія порты, так і праз порты Прыбалтыкі. Транспартныя калідоры нам зразумелыя, аднак рашэнне будзе прымацца толькі ў тым выпадку, калі альтэрнатыўныя пастаўкі будуць эканамічна эфектыўныя", — прызнаецца чыноўніца.
Пры гэтым яна падкрэслівае: чым бліжэй кошты на расійскую нафту будуць да сусветных, тым больш прывабнымі будуць альтэрнатыўныя пастаўкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.