Беларусь унесла авансавы плацёж за расійскі газ

Беларусь унесла авансавы плацёж за расійскі газ

Беларусь ажыццявіла авансавы плацёж за пастаўку расійскага газу. Пра гэта 8 снежня БелаПАН паведаміў прэс-сакратар беларускага прэм'ер-міністра Уладзіслаў Сычэвіч. Паводле яго слоў, у кастрычніку 2016-га на ўзроўні ўрадаў Беларусі і Расіі былі дасягнутыя прынцыповыя дамоўленасці, вызначаныя канкрэтныя механізмы па рашэнні праблемных пытанняў у нафтагазавай сферы. Аднак іх рэалізацыя зацягнулася.

Сычэвіч сказаў, што наша краіна "зацікаўленая ў як мага больш хуткім вырашэнні сітуацыі, у сувязі з чым у якасці першага кроку і жэсту добрай волі ажыццявіла апераджальны авансавы плацеж за прыродны газ". Аднак ён не назваў памер плацяжу, аб'ём і кошт аплачанага газу. Не стаў прэс-сакратар удакладняць, ці з'яўляецца гэта плацяжом па наяўнай запазычанасці або авансам за будучыя пастаўкі.

Уладзіслаў Сычэвіч падкрэсліў, што "Беларусь разлічвае на зваротную добрую волю расійскага боку ў выглядзе хутчэйшага аднаўлення аб'ёмаў паставак нафты ў Беларусь, вызначаных дзейнымі міжурадавымі пагадненнямі".

Як вядома, Мінск і Масква дагэтуль не ўрэгулявалі пытанні кошту расійскага газу і загрузкі сыравінай беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Расія павінна была пастаўляць у Беларусь штогод 24 млн тон нафты ў год. Аднак з другога паўгоддзя пастаўкі былі скарочаныя, спачатку да 3,5 млн тон у квартал, а з кастрычніка — ужо да 3 млн тон. Гэта стала адказам на запазычанасць па пастаўках расійскага газу ў памеры 281 млн долараў.

8 снежня віцэ-прэм'ер РФ Аркадзь Дварковіч заявіў журналістам у Маскве, што Расія ўсё яшчэ чакае ад Беларусі пагашэння доўгу за газ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі