Беларус, які забіў маці праз 10 рублёў, сядзе ў турму на 17 гадоў
"Зніклыя" грошы следчыя пазней знайшлі ў ложку мужчыны / СК
Жыхара Сянно, які забіў маці праз знікненне 10 рублёў, асудзілі на 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе Вярхоўны суд.
Крымінальную справу ў дачыненні да 51-гадовага мужчыны разглядаў Віцебскі абласны суд.
Трагедыя здарылася ў красавіку. Мужчына прыйшоў дадому п'яным, схаваў 10 рублёў і лёг спаць. Прачнуўшыся, не знайшоў "зберажэнняў", і вырашыў, што іх забрала 72-гадовая маці. Жанчына адмаўляла гэта, але сын збіў яе рукамі і нагамі — эксперты налічылі не менш за 30 удараў. Затым сын накрыў цела маці курткай і сышоў да знаёмага працягваць распіваць алкаголь. На наступны дзень мужчына знайшоў маці мёртвай і выклікаў хуткую. 10 рублёў следчыя знайшлі на канапе, дзе спаў мужчына, пад пасцельнай бялізнай.
Мужчыну абвінавацілі ў забойстве заведама састарэлай асобы з асаблівай жорсткасцю. Абвінавачаны часткова прызнаў сябе вінаватым.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.