Беларус, затрыманы ва Украіне за шпіянаж, кажа, што ў СБУ яго катавалі

Беларус, затрыманы ва Украіне за шпіянаж, кажа, што ў СБУ яго катавалі

Беларус, якога ва Украіне вінавацяць у шпіянажы, заяўляе, што агаварыў сябе пад катаваннямі. Мужчына кажа, што ніколі не працаваў на КДБ Беларусі і не збіраў сакрэтныя звесткі для Расіі. Адпаведную заяву ён напісаў у амбасаду Беларусі ва Украіне, перадае tut.by.

Затрыманаму мінчуку Юрыю 32 гады. З лета ён знаходзіцца ў СІЗА ў Чарнігаве. На наступным тыдні, як мяркуецца, яму выставяць абвінавачванне, паведаміў старшы дарадца, консул амбасады Беларусі ва Украіне Сяргей Бабоў

У сваёй заяве Юрый паведаміў, што яго затрымалі падчас вяртання ў Беларусь 16 чэрвеня 2017 года. Пасля затрымання яго адвялі ў памяшканне, дзе былі яшчэ некалькі супрацоўнікаў СБУ. Там, па словах затрыманага, яго трымалі больш за чатыры гадзіны. Мужчына кажа, што там на яго аказваўся псіхалагічны і маральны ціск, а таксама супраць яго ўжывалі фізічную сілу. 

"Мяне спрабавалі прымусіць агаварыць сябе — прызнацца ў здзяйсненні злачынства супраць Украіны, а менавіта ў шпіянажы, у тым, што я спрабаваў перадаць камусьці нейкія сакрэтныя звесткі. Аднак нічога падобнага я ніколі не здзяйсняў. Яны таксама казалі, што калі я не прызнаюся, то мяне надоўга "закрыюць", а калі "ўсё распавяду", то мяне вызваляць ад крымінальнай адказнасці. Таксама казалі, што ў мяне ў тэлефоне ёсць сакрэтныя файлы, якія я вязу замежнай разведцы. Аднак у мяне гэтых файлаў не мелася, ніякага злачынства я не здзяйсняў, на разведку якой-небудзь замежнай дзяржавы я не працаваў. Яны лічылі, што я працаваў на КДБ Беларусі ці на Расію. Я ўсё адмаўляў, бо не лічу сябе вінаватым. Я адмовіўся сябе агаворваць", — піша затрыманы беларус.

Пазней, па словах Юрыя, яго пасадзілі ў машыну ў суправаджэнні трох чалавек у ваеннай форме з аўтаматамі і ў масках. Яму начапілі кайданкі і нацягнулі на галаву анучу і павезлі ў невядомым напрамку. Па дарозе яго, нібыта, дапытвалі, білі, пагражалі расправай. Потым прывезлі ў лес, прыкулі кайданкамі да дрэва і працягнулі дапытваць. 

"Усё гэта яны здымалі на тэлефон, казалі, каб я прасіў прабачэння ва Украіны і што праз мяне загінулі людзі. Паказвалі на тэлефоне целы абгарэлых украінскіх салдатаў і казалі, што я іх забіў. Адзін раз пры гэтым ткнулі ў вобласць шыі металічнай часткай зброі (руляй аўтамата). Працягвалася гэтае злачынства — выбіванне паказанняў — прыкладна 45-60 хвілін", — заяўляе Юрый.

Мужчына сцвярджае, што пасля гэтага яго адвезлі ў ІЧУ Чарнігава, а праз тры дні перавезлі ў СІЗА СБУ ў Кіеве. Па дарозе ў Кіеў, па словах Юрыя, яго катавалі, таму ён вырашыў агаварыць сябе, каб спыніць катаванні.

Затрыманы паведамляе, што за ўвесь перыяд утрымання ў СІЗА СБУ ў Кіеве да следчага яго выклікалі толькі адзін раз — 22 чэрвеня. Юрый заяўляе, што яго пераконвалі агаварыць іншага грамадзяніна Беларусі — невядомага яму Аляксандра Пальчэўскага. Нібыта Юрый працаваў на гэтага чалавека і перадаваў яму сабраныя звесткі. За гэта яму, нібыта, абяцалі зняць усе абвінавачанні.

Мужчына заяўляе, што не стаў нікога агаворваць. Ён называе крымінальную справу супраць сябе "сфабрыкаванай і сфальшаванай".

Бацькі Юрыя жывуць у Мінску. Яго маці Ірына кажа, што сын на пачатку чэрвеня паехаў у Чарнігаў, каб уладкавацца на працу ў лагістычную кампанію, якую яму параілі ўкраінскія сябры. А потым ён затэлефанаваў і паведаміў, што затрыманы.

Затрыманага сына яна пабачыла ў Кіеве толькі на пачатку ліпеня. Тады ён паведаміў маці, што на мяжы яго затрымалі невядомыя людзі, катавалі і шантажавалі, каб атрымаць прызнанне ў шпіянажы. Маці лічыць, што да сына ўжывалі псіхатропныя прэпараты. 

Жанчына дадае, што ў Юрыя ёсць сур'ёзныя праблемы са здароўем, ён інвалід, і яна баіцца, што здароўе сына магло сур'ёзна пагоршыцца. Яна ўпэўненая, што шпіянажам сын не займаўся, усе паказанні даваў пад ціскам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі