Беларусь зніжае экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты
Беларусь з 1 верасня зніжае экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты, якія вывозяцца за межы мытнай тэрыторыі ЕАЭС (Еўразійскага эканамічнага саюза). Адпаведную пастанову (№ 689 ад 30 жніўня) прыняў Савет міністраў нашай краіны.
У дакуменце адзначаецца, што стаўка экспартнай пошліны на сырую нафту зніжаецца з 90,1 долара ЗША да $80 за 1 тону. Што да пошліны на прамагонны бензін, то яна знізіцца з 63,9 долара да $56,8 за тону, на таварныя бензіны — з 54,9 долара да $48,8 за 1 тону. Пошліна на лёгкія, сярэднія дыстыляты складзе $32 за 1 тону (замест цяперашніх 36 долараў). Падобная пошліна ўстаноўлена ў дачыненні да дызельнага паліва, бензола, талуола, змазачных, інфармуе ўрадавая прэс-служба.
Папярэдні раз экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты ў Беларусі змяняліся 1 жніўня. Тады яны таксама зніжаліся.