Беларуса ў Пецярбургу судзяць за незаконны вываз афганскай журналісткі
Беларус Аляксандр Мацулевіч планаваў вывезці ў Еўропу афганскую журналістку Кобру Хасані
Кіраўскі суд Пецярбурга разглядае справу супраць 14 чалавек з Афганістана і Беларусі, піша расійскае выданне MR7.
Іх вінавацяць у незаконным перасячэнні мяжы Расіі. Адзін з абвінавачаных — беларус Аляксандр Мацулевіч.
Нашага суайчынніка вінавацяць у арганізацыі выезду і перадачы хабару начальніку памежнай службы ФСБ Расіі. Як заяўляе следства, Мацулевіч разам з іншым перавозчыкам, Джэлані Гулама, абяцаў афганскай журналістцы Кобры Хасані, што давязе яе ў Германію і там зробіць ёй дакументы.
Слуханні ідуць з кастрычніка 2023 года. 6 лютага 2024 года Хасані выступіла з апошнім словам. Для яе пракурор папрасіў 3 гады калоніі.
Падзеі, за якія судзяць афганцаў і беларуса, адбыліся ў траўні 2022 года. Хасані і яшчэ 12 афганцаў планавалі перабрацца з Пецярбурга ў Еўропу. За выезд яны мусілі заплаціць па 3 тысячы долараў. У Пецярбургу 12 афганцаў сабралі па 500 долараў, з якіх Мацулевіч, як кажа следства, планаваў даць хабар на мяжы. Але да мяжы яны не дабраліся: усіх затрымалі супрацоўнікі ФСБ.
Кобра Хасані ў Афганістане супрацоўнічала з турэцкім інфармагенцтвам Anadolu і амерыканскім радыё National Public Radio News, а таксама працавала на канале Afganistan Youth TV. Яна была вымушаная пакінуць краіну ў жніўні 2021-га, калі ўладу ў Афганістане захапілі талібы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.