Беларусам раяць не марыць пра аўто, а вучыцца мысліць глабальна

Самым відавочным вынікам ўваходжання нашай краіны ў Мытны саюз з Расіяй і Казахстанам стала павышэнне кошту растаможкі на ўвезеныя з-за мяжы аўтамабілі. Гэта выклікала вялікае абурэнне і парадзіла сумнеў у неабходнасці такога саюза для простых людзей. У адказ чыноўнікі кажуць, што гэтыя асцярогі народжаныя неразуменнем усіх выгод Мытнага саюза.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, якую карысць прынясе саюз шараговаму беларусу.

Намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур шчыра абурыўся таму, што на Мытны саюз людзі глядзяць толькі праз кошт на аўтамабілі.

Андрэй Тур: “Ацэнка Мытнага саюза, на дзіва, адбываецца толькі праз ацэнку кошту машыны. Калі просты чалавек згубіць толькі на тым, што ён не зможа зараз увезці машыну, то гэта адна страта і значнасць. А размова ідзе пра развіццё інвестыцый, пра развіццё рынку, пра стымуляванне новых працоўных месцаў больш эфектыўных. Размова ідзе пра заработную плату, пра падаткі, размова ідзе аб бюджэце!”

А ўсё гэта, кажа чыноўнік, у нас з’явіцца дзякуючы стварэнню агульнай эканамічнай прасторы ад Брэста да Ўладзівастока, па якой змогуць без перашкод перасоўвацца беларускія тавары. І параіў жыхарам нашай краіны глядзець на жыццё больш глабальна, не абмяжоўваць погляд прасторай уласнай кішэні.

Андрэй Тур: “Мы павінны паглядзець на рэчы не з пазіцыі “Ці будзе ў мяне машына двухгадовая альбо не?”. Гэтую машыну, можа быць, будзе лепш набыць тут, калі тут будзе зборачны цэх і будуць новыя машыны і танней, і лепш, чым той хлам, які вязуць з-за мяжы. Самае галоўнае — гэта эканамічная прастора. З аднаго боку Лондан-Лісабон — эканамічная прастора, а з другога боку Брэст-Уладзівасток — другая эканамічная прастора. А мяжа наша! І ўсе выгады адсюль”.

Пра тое, што трэба глядзець далей за сённяшні дзень, кажа і супрацоўнік прэс-службы Міністэрства замежных спраў Андрэй Папоў.

Андрэй Папоў: “Калі казаць пра тыя перавагі, якіх мы чакаем ад уваходжання ў Мытны саюз, то я бы проста заклікаў і журналістаў, і грамадзян паспрабаваць аналізаваць гэтую сітуацыю не з пазіцыі сённяшняга дня, а з сярэднетэрміновай перспектывы. А па некаторых пазіцыях — і аддаленай будучыні Беларусі”.

І пералічыў тыя "плюсы" Мытнага саюза, пра якія, на погляд МЗС, павінен ведаць кожны грамадзянін краіны. Гэта ўжо ўзгаданая адзіная эканамічная прастора, дзе з 1 ліпеня скасоўваюць ўсе мытныя пошліны ва ўзаемным гандлі трох краін.

Андрэй Папоў: “З адменай пошлін канкурэнтаздольнасць нашых тавараў на рынку Мытнага саюза падвышаецца. Для людзей, занятых у адпаведных сектарах, гэта гарантаваны заробак, а з ростам вытворчасці гэта — павышэнне паступовае ўзроўню заробку. А ў цэлым — перспектыва сур’ёзнага павышэння ўзроўню дабрабыту нашых людзей”.

Да таго ж, кажа, у падпісаным пакеце дакументаў па Мытным саюзе ёсць палажэнне, якое дазволіць прыцягнуць сур’ёзныя інвестыцыі для наладжвання зборкі легкавых аўтамабіляў у нашай краіне. Без пошлін можна ўвозіць у Беларусь сыравіну, тэхналагічнае абсталяванне, запчасткі і гэтак далей. І суцешыў таго, каму летам не хопіць грошай набыць аўто па новых мытных пошлінах.

Андрэй Папоў: “Такому чалавеку можна сказаць, што калі эканоміка краіны будзе багацейшая, павышаецца ўзровень заробкаў па краіне, калі на нашай тэрыторыі дзейнічаюць высокатэхналагічныя вытворчасці з гарантаваным рынкам збыту, то я не думаю, што для кожнага грамадзяніна такой краіны ў перспектыве будзе вялікай праблемай набыць аўтамабіль”.

У адрозненне ад чыноўнікаў эканаміст Леанід Заіка сапраўды знайшоў некалькі пераваг Мытнага саюза, якія зацікавяць кожнага чалавека. Прычым пераваг, якія можна заўважыць не ў далёкай перспектыве, а ўжо праз некалькі дзён. Звязаныя яны з пастаўкамі ў нашую краіну расійскай нафты без выплаты пошлін. Цяпер, кажа, мы будзем яе атрымліваць па ўнутрырасійскім кошце.

Леанід Заіка: “Мы можам набываць нафту па ўнутраных расійскіх цэнах. У Расіі гэта нафта перапрацаваная і ў выглядзе паліва прадаецца па 70 цэнтаў за літр. У нас — па 1 долары. Калі мы рэалізуем гэтае пагадненне і зыходзім з духу і літары Мытнага саюза, 2 лютага мы зможам паехаць на запраўку і заліць паліва па 2 тысячы рублёў за літр. Вось і паглядзім, ці зробіць гэта беларускі ўрад”.

Яшчэ адна верагодная выгада звязаная з роўнымі тарыфамі на газ.

Леанід Заіка: “І кошты на газ павінны ўпасці да ўзроўню ўнутрырасійскіх. Я так мяркую, што адсоткаў на 15-20 павінны патаннець камунальныя плацяжы для беларусаў. Пойдзем у сакавіку і паглядзім — колькі з нас возьмуць за ацяпленне”.

З-за адмены мытных плацяжоў патаннеюць, кажа эканаміст, і шмат якія тавары — канкурэнцыя! Вось толькі гэтая вартасць саюза можа стаць смяротнай для некаторых айчынных прадпрыемстваў.

Леанід Заіка: “Людзі павінны быць гатовыя да таго, што асобныя віды вытворчасці ў Беларусі давядзецца закрываць. Гэта і ёсць перавагі Мытнага саюза. У нас меншыя заводы, меншая краіна. І гэтыя невялікія неканкурэнтныя прадпрыемствы давядзецца закрываць. У гэтым няма нічога дзіўнага”.

І нагадаў, што сёння з Расіяй у нас і так няма мытні і пошліны не бяруць. Але нашыя тавары апошнім часам расіяне не спяшаюцца набываць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі