Беларусбанк часова ўвёў абмежаванні на зняццё наяўных з картак за мяжой
Беларусбанк увёў часовыя абмежаванні на зняццё наяўных грашовых сродкаў з выкарыстаннем міжнародных плацёжных картак банка (у тым ліку і крэдытных) у замежжы. Прычына — з'яўленне інфармацыі ад міжнародных плацёжных сістэм пра павелічэнне колькасці махлярскіх аперацый у шэрагу краін свету. Таму Беларусбанк робіць захады па абароне інтарэсаў трымальнікаў картак, і юрыдычных, і фізічных асобаў.
Зняцце наяўных грошай у банкаматах з дапамогай банкаўскіх картак, якія змяшчаюць мікрапрацэсар (чып) і магнітную паласу, прыпынена да 20 кастрычніка 2017 года ў некаторых краінах далёкага замежжа. Карткі MasterCard — Камбоджа, Ганконг, Малайзія, Непал, Філіпіны, В'етнам, Паўднёвая Карэя, Індыя, Інданэзія, Тайланд, Тайвань, Кітай, Японія, ЗША, карткі VISA і Maestro — Непал, Індыя, Інданэзія, Тайланд, Тайвань, Кітай, Японія і ЗША.
А вось здзяйсненне аперацый зняцця наяўных у банкаматах з плацежных картак фізасобаў, выпушчаных толькі з магнітнай паласой, часова прыпынена ва ўсіх замежных краінах. Адзначаецца, што абмежаванні не распаўсюджваюцца на безнаяўныя аперацыі з выкарыстаннем картак у пунктах гандлю і сэрвісу. Выключэнне складаюць аперацыі аплаты на аўтазапраўках на тэрыторыі ЗША, дзе ўсталяваны ліміт не больш за 100 долараў у эквіваленце на працягу 24 гадзін.
Прэс-служба Беларусбанка інфармуе, што пры неабходнасці забарону на здзяйсненне аперацый зняцця наяўных у банкаматах могуць зняць на час знаходжання трымальніка карткі ў згаданых краінах. Пры гэтым на працягу 24 гадзінаў можна будзе зняць не больш за 150 долараў. Для гэтага трэба звярнуцца з пісьмовай заявай у банк.