"Беларусьфільм" здыме новую экранізацыю "Чорнага замка Альшанскага"
"Беларусьфільм" / Яндэкс
На кінастудыі "Беларусьфільм" плануюць зняць гістарычны блокбастар паводле рамана Уладзіміра Караткевіча "Чорны замак Альшанскі", перадае БЕЛТА.
Здымкі стужкі з працоўнай назвай "Чорны замак" пачнуцца ўжо ў красавіку. Кінастудыя выкупіла правы на экранізацыю рамана больш за 10 гадоў таму ў пляменніцы Караткевіча. Але цяпер пад здымкі вылучылі субсідыю.
Здымаць стужку будзе расійскі рэжысёр Кірыл Кузін, які здымаў фільмы-фэнтазі. Сцэнар па матывах першакрыніцы напісаў прадзюсар Глеб Шпрыгаў.
На "Беларусьфільме" раней ужо экранізавалі гэты раман Караткевіча. У 1984 годзе на кінаэкраны выйшаў фільм Міхаіла Пташука "Чорны замак Альшанскі". Тады ўсе натурныя здымкі прайшлі па-за межамі краіны. А цяпер здымаць будуць у Беларусі.
Паведамляецца, што папярэдне свой удзел у фільме пацвердзілі расійскія кіназоркі. Завяршыць здымкі плануецца да пачатку ліпеня. Фільм выйдзе ўвесну 2024 года.
Магчыма, у гэтай стужкі лёс будзе больш шчаслівы, чым у фільма "Купала", які з 2020 года ніяк не можа дайсці да беларускага гледача.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.