Больш "Купалу" не бачылі: хто робіць выгляд, што топ-праекта Беларусьфільма няма
Афіша фільма "Купала" / Беларусьфільм
Фільм "Купала", які некалькі гадоў запар гучна называлі "нацыянальным праектам", да гэтага дня на экранах кінатэатраў убачыла не больш за дзвесце чалавек.
Адзін раз карціну паказалі на кінафестывалі "Маскоўская прэм'ера". Але тады праз каранавірусныя абмежаванні ўбачыць "Купалу" ў Доме кіно змаглі максімум 170 гледачоў.
Праз паўгода фільм пра беларускага паэта паглядзелі некалькі сябраў журы на закрытым перадпаказе Еўразійскага кінафестывалю ў Вялікабрытаніі. Прэм'ера ж павінна была прайсці ў Ромфардзе, недалёка ад Лондана, у гадавіну смерці паэта.
Але за два дні да паказу праваўладальнік адклікаў фільм з конкурсу. Большая частка відэаматэрыялаў, размешчаных у сеціве, была выдаленая або заблакаваная.
І з тых часоў "Купалу" ніхто не бачыў. Ні вы — ні кінематаграфічная грамадскасць.
"Другая смерць Купалы"
Ад брытанскага Ромфарда да Лондана — сорак хвілін язды. У цэнтры горада, паміж мэрыяй і крамамі, знаходзіцца галоўны кінатэатр Ромфарда — "Прэм'ер". Тут брытанцам і абяцалі паказаць фільм з дзіўнай назвай — "Купала".
Карціна пачынаецца днём смерці паэта. Дагэтуль да канца не вядома, што тады, 28 ліпеня 1942-га, здарылася з паэтам у гатэлі "Масква".
А 28 ліпеня 2021 года Купалы не стала другі раз: прэм'еру фільма, прымеркаваную да гадавіны яго смерці, адмянілі.
Фільммейкер, сябра журы фестывалю Майкл Дэніэл Сагатыс быў уражаны і гэтымі паралелямі, і фільмам, які паспеў паглядзець на перадпаказе: ён жа быў упэўнены, што "Купала" мог стаць пераможцам фестывалю. І тут фільм адклікаюць.
Арганізатары спрабавалі дастукацца і да "Беларусьфільма", і да амбасады Беларусі ў Лондане, але прычын зняцця з фестывалю ім так і не растлумачылі. Проста раз за разам паўтаралі: фільм адкліканы. Адкліканы — і ўсё.
А раз афіцыйных каментароў дамагчыся не ўдалося, Майкл Дэніэл Сагатыс растлумачыў усё сам. Ён апублікаваў у брытанскім часопісе ОСА артыкул "Яшчэ адна смерць Купалы". Арганізатары фестывалю пераклалі яе на беларускую мову, каб у беларусаў не засталося шанцаў не даведацца, што здарылася з іх песняром за сорак хвілін язды ад Лондана:
"Яго зняцце з фестывалю адпавядае пазіцыі дзеючага беларускага рэжыму, які імкнецца спыніць распаўсюджванне ў медыя нацыянальнага кантэнту, што падтрымлівае ідэю незалежнасці.
У той час як смерць паэта ў 1942 годзе і сёння застаецца непатлумачаным здарэннем, матывацыя зрыву міжнароднай прэм’еры фільма пра жыццё Купалы з’яўляецца, бясспрэчна, відавочнай".
Не беручыся растлумачыць, што здарылася з Купалам у 42-м, Еўрарадыё паспрабуе высветліць, што адбылося ў 21-м.
Як магло б быць: з грымам як у Бязрукава і афішай ад Цэслера
Крыху больш за два гады таму новы дырэктар "Беларусьфільма" Уладзімір Карачэўскі ўпершыню паказаў журналістам трэйлер "Купалы" ў навюткай зале кінастудыі.
Ролю паэта выканаў латвійскі акцёр з беларускімі каранямі Мікалай Шастак. Выкарыстоўвалі той жа грым, які раней ператварыў Сяргея Бязрукава ва Уладзіміра Высоцкага. Над афішай працаваў дызайнер Уладзімір Цэслер. Бюджэт карціны — 1,5 млн долараў.
Тады на прэс-канферэнцыі па ўсім было відаць, што новы гендырэктар "Беларусьфільма" натхнёны і прадчувае будучы поспех — не толькі "Купалы", а і "Беларусьфільма" ўвогуле.
"Любіць дык любіць, гуляць дык гуляць, працаваць дык працаваць", — тлумачыў Карачэўскі эмацыйнасць.
Да таго моманту ён узначальваў кінастудыю ўсяго год, а раней быў паспяховым дырэктарам Тэатра беларускай драматургіі, якога любіў калектыў. Пры ім рэпертуар тэатра на 80% будаваўся на тэкстах сучасных беларускіх аўтараў: Дзмітрыя Багаслаўскага, Віктара Марціновіча, Дзіяны Балыка, многіх іншых. Прыйшоўшы ў кіно, Карачэўскі вырашыў разабрацца, што перашкаджае кінастудыі працаваць і зарабляць.
І вось праз год на "Беларусьфільме", вясной 2019-га, Карачэўскі абвясціў журналістам: віншуем вас з тым, што мы зноў жывыя. І падаў доказы, сярод якіх быў і трэйлер "Купалы".
Ужо тады, у 2019 годзе, карціну збіраліся паказаць кінематаграфічнай грамадскасці, пракаціць па фестывалях, перш чым яе змогуць убачыць беларусы — звычайная практыка для кіно.
Да свайго першага фестывалю "Купала" дабраўся да 2020 года. Яго паказалі на "Маскоўскай прэм'еры". На гэтым усё і скончылася.
Рэжысёр: "Гэтыя пытанні не да мяне, я не валодаю правамі на фільм"
Еўрарадыё датэлефанавалася да рэжысёра "Купалы" Уладзіміра Янкоўскага, але з гэтай размовы мы зразумелі толькі, што лёс карціны — складаны. А гісторыя — цёмная.
— Уладзімір Расціслававіч, што здарылася з "Купалам"?
— Фільм мне не належыць, ён належыць "Беларусьфільму", таму ўсе пытанні да дырэктара.
— Але менавіта вы знялі фільм, які расхвальваюць брытанскія кінакрытыкі. Як гэта — не бачыць яго на экранах?
— І не толькі брытанскія, ён атрымаў у Маскве на фестывалі прыз як "Падзея года".
Як? Гэта жудасна, што склалася такая сітуацыя. Вядома, я вельмі засмучаны. А што я магу зрабіць?
— Калі б у вас быў карт-бланш, каму б вы паказалі гэты фільм у першую чаргу? Замежнікам, якія праз яго маглі б даведацца пра Беларусь? Беларусам, якія маглі б даведацца пра сябе?
— Безумоўна, я б адправіў яго на ўсе міжнародныя фестывалі. Прадаваў бы яго — а яго многія хацелі купіць, ім зацікавіліся расійскія дыстрыб'ютарскія кампаніі, але ім было адмоўлена. Я паказваў бы гэты фільм і беларускаму народу.
Гэта гісторыя, якую я не хачу абмяркоўваць. І гэтыя пытанні не да мяне, я не валодаю правамі на фільм.
Правамі на "Купалу" валодае кінастудыя "Беларусьфільм" , якая падпарадкоўваецца Міністэрству культуры. У міністэрстве нам паабяцалі пісьмова адказаць на пытанні, звязаныя з "Купалам". Еўрарадыё адправіла запыт.
"У карціне адчуваецца дзяржзаказ, парадокс у тым, што дзяржава ўжо іншая"
У Маскву "Купала" прыехаў дзякуючы кінакрытыку, арганізатару кінафестываляў Вячаславу Шмырову. Аргкамітэт "Маскоўскай прэм'еры" назваў карціну "Падзеяй года".
Еўрарадыё паразмаўляла з Вячаславам Юр'евічам, з падачы якога карціну, як ён сам кажа, "легалізавалі". І цяпер ніхто не зможа сказаць, што "яна яшчэ не гатовая" або "яе трэба перарабіць".
— Ці лёгка было пераканаць праваўладальнікаў гэтага фільма паказаць яго на вялікім экране ў Маскве?
— Мы вырашылі зрабіць усё магчымае, каб прывезці гэты фільм на наш фестываль, і нават дамовіліся на паказ у Траццякоўскай галерэі.
Але, на жаль, пандэмія парушыла нашы планы, і ў дзень прэм'еры ўсе буйныя ўстановы культуры былі зачыненыя. Нам давялося пераносіць прэм'еру ў Белую залу Дома кіно, што таксама па-свойму ганарова: гэта зала, у якой свае фільмы прадстаўлялі Андрэй Таркоўскі, Васіль Шукшын, а калі гаварыць пра беларускае кіно — Віктар Тураў.
Не буду хаваць: калі мы выступілі з жаданнем паказаць гэтую карціну, мы атрымлівалі званкі з Беларусі. Нам казалі, што фільм запускаўся былым міністрам культуры, што гэтая карціна з нейкіх прычын можа быць не ўзгодненая з цяперашняй палітыкай беларускіх уладаў, можа справакаваць беларускія пратэсты ў Маскве.
Але я займаюся кіно і кінафестывалямі. Мне падалося правільным выцягнуць гэтую карціну, каб яна не стала ахвярай палітычных абставінаў, да якіх яна, мне здаецца, не датычная.
Мы прадстаўляем Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва краін СНД, і я заручыўся лістом-запрашэннем не проста ад фестывальнай дырэкцыі, якога магло падацца недастаткова, але і ад фонду. І гэта было карысна для фільма. Мы не хацелі зрабіць з яго адшчапенца-дысідэнта, мы хацелі, каб ён быў роўна такім фільмам, якім яго знялі рэжысёр і ўвесь творчы калектыў.
І хай нават у нас не атрымалася зрабіць тое, што мы хацелі, хай мы не змаглі сабраць залу ў Траццякоўскай галерэі праз кавід-абмежаванні, я сказаў рэжысёру: мы зрабілі галоўнае. Мы вашу карціну легалізавалі. Цяпер ніхто не зможа вам сказаць, што яе няма ці што яе трэба перарабіць дзеля кан'юнктурных меркаванняў чарговага чыноўніка.
Больш за тое, мы паказалі яе са згоды і нават з падачы Міністэрства культуры. На прэм'еры быў рэжысёр карціны, быў дырэктар "Беларусьфільма". Я кажу пра гэта таму, што за карцінай стаіць велізарная праца. І для Беларусі ў іншай сітуацыі гэтая карціна стала б актам нацыянальнай самасвядомасці.
Будзе крыўдна, калі гэтая праца апынецца ў сметніцы праз тое, што кожны будзе трактаваць фільм так, як яму зручна, дзеля палітычнага моманту.
— Беларусы хацелі б абмеркаваць фільм адно з адным і са здымачнай групай у кінатэатры, але магчымасці не прадставілася. Раскажыце нам, як праходзіла абмеркаванне ў Маскве?
— Прэм'ера была вельмі цёплая, яна не перарастала ў палітычны дыспут, гаварылі пра постаць Янкі Купалы, удакладнялі абставіны яго жыцця. Была ў гэтым сэнсе пэўная далікатнасць у дачыненні да дэлегацыі з Беларусі: ім яшчэ вяртацца.
— А калі гаварыць не пра палітыку, а пра мастацкую каштоўнасць фільма?
— Гэта найлепшая карціна Уладзіміра Янкоўскага. І я разумею, як складана рэжысёру, які доўгі час здымаў серыялы, падысці да карціны такога маштабу. У карціне бліскучая аператарская праца, Ілья Пугачоў бліскуча валодае святлапісам. Выдатная праца акцёра Мікалая Шастака, які іграе Купалу.
У астатнім у карціны традыцыйная драматургія біяграфічнага фільма, у якім трэба ўлічыць усе абставіны жыцця героя, але ператварыць іх у нясумную белетрыстыку. Дзяржаўнае заданне ёсць, і яно адчуваецца. Іншая рэч, што гэта ўжо не тая дзяржава.
Фільм павінен быў згуртаваць народ, аб'яднаць народ, расказаць пра паходжанне дзяржаўнасці. Усе народы свету праходзяць гэты этап, у розныя перыяды такія фільмы з'яўляюцца ў розных краінах, дзяржаўны пафас у гэтай карціне безумоўна ёсць. Парадокс у тым, што такі дзяржаўны пафас сучаснай лукашэнкаўскай Беларусі не патрэбны. Сумны феномен.
— Як быць? Калі нічога не зрабіць, фільм застанецца ляжаць на паліцы.
— Цяпер важна, каб карціну прасоўвалі ў сеткавай прасторы. У гэтай карціны будзе свая аўдыторыя, і перш за ўсё беларуская. Я ведаю, што ў сеціве такія фільмы могуць сабраць па 5-6 мільёнаў гледачоў — лічбы, якія сёння ў кінапракаце такая карціна не пакажа, хоць у савецкі час магла б.
Людзям унутры Беларусі, асабліва якія займаюць пэўныя пасады, вырашыць гэтую праблему даволі цяжка. Я б параіў перадаць правы буйным расійскім кампаніям, каб яны займаліся гэтай карцінай без аглядкі на палітычную кан'юнктуру.
У вас у краіне ўсё вельмі складана, усе дамінанты ссунутыя, кожны крок можа быць расцэнены як варожы рэжыму. Вось у такія палітычныя, гістарычныя жорны трапіў фільм, хоць у іншы час быў бы прыняты інакш.
— Гэта ўнікальны беларускі феномен або бывалі ў гісторыі выпадкі, калі фільм здымаўся ў адной краіне, а трапляў у жорны сістэмы ў іншай? Можа, гістарычны досвед нам дапаможа?
— Фільм "Андрэй Рублёў" Таркоўскага ў свой час купіў французскі кінапракатчык. А потым, калі Францыя запрасіла фільм у Савецкага Саюза для ўдзелу ў Канскім фестывалі, Саюз сказаў: карціна яшчэ не гатовая.
Сітуацыя была смешная: адна рука не ведала, што робіць другая. Найшла каса на камень, Савецкі Саюз не адправіў карціну на конкурс. Але фільм ужо быў набыты французскім пракатчыкам, і ён меў права паказаць яго па-за конкурсам на Канскім фестывалі.
Карціна атрымала прыз ФІПРЭСІ, і ўсе французскія газеты пісалі, што Савецкі Саюз сам сябе пакараў, таму што фільм мог атрымаць Залатую пальмавую галіну.
Сцэнарыст: гэта фільм пра бессэнсоўную спробу забіць творчасць
"Купалу" так настойліва хаваюць ад гледача, што ў галаву лезуць нядобрыя думкі. Ці не знялі на "Беларусьфільме" крамолу? Чаму навучыць гэты "Купала" беларусаў? Можа, час для пераасэнсавання біяграфіі паэта яшчэ не прыйшоў, можа, трэба абмежавацца чытаннем яго вершаў з падручнікаў ды спектаклямі па яго п'есах у абноўленым "Купалаўскім"?
Не маючы магчымасці паглядзець фільм, мы звярнуліся з гэтымі пытаннямі да аднаго з аўтараў сцэнара да стужкі Аляксандры Барысавай.
— Што ж такога крамольнага ў гэтым "Купале"?
— У нашым фільме няма нічога крамольнага ў любым разуменні гэтага слова. Сцэнар напісаны выключна з улікам рэальных гістарычных падзей. Мэта нашага фільма — расказаць пра лёс паэта ва ўмовах тых страшных падзей, якімі, на няшчасце, было напоўненае ўсё дваццатае стагоддзе і Беларусь у прыватнасці. Фільм — пра растаптаную культуру. Пра спробу (бессэнсоўную) забіць творчасць.
Час для нашага фільма не "не прыйшоў", а якраз спазніўся на некалькі дзесяцігоддзяў. Мы ў вельмі складаных вытворчых умовах паспрабавалі зняць кіно пра знакавую для беларускага народа персону. Наколькі гэта атрымалася, публіка аднойчы зможа ацаніць. Мы ў гэта верым.
Як стала: замест прэмій — "Залатая маліна"
Вяртаемся ў Лондан.
Стваральнік Еўразійскай творчай гільдыі і арганізатар Еўразійскага кінафестывалю Марат Ахмеджанаў некалькі разоў безвынікова спрабаваў звязацца з "Беларусьфільмам", каб высветліць, чаму, урэшце, карціну знялі з паказу. Потым ён паехаў у беларускую амбасаду ў Лондане. Адказаў не атрымаў і там.
А потым аргкамітэт фестывалю заснаваў спецыяльную прэмію — "Дынама-прыз". Своеасаблівы аналаг "Залатой маліны", якой адзначаюцца найгоршыя дасягненні кінематографа, — для тых, хто зрабіў выгляд, што нацыянальнага праекта "Купала" больш не існуе.
І само сабой, цяпер гэты фільм хочацца паглядзець яшчэ больш. А пакуль паглядзіце дакументальную стужку "Беларусьфільма" пра Янку Купалу — яшчэ можна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.