Беларуска памерла на курорце ў Балгарыі
59-гадовая беларуска, жыхарка Мінска Людміла Недасека памерла на курорце ў Балгарыі. Яе цела знайшлі ў нумары гатэля за дзень да вылету. Аднак сваякі даведаліся пра гэта толькі на чацвёрты дзень. Дачка нябожчыцы Надзея Недасека распавяла парталу tut.by, што з міліцыяй узламалі замок у мінскай кватэры, але там нікога не было. Тады ад знаёмых у авіякампаніі стала вядома, што маці ў самалёт не садзілася.
Яшчэ праз дзень міліцыя даведалася ад страхавальнікаў, што жанчына памерла. Вядома, што страхавую кампанію ў Мінску і тураператара ў Балгарыі праінфармавалі пра трагічнае здарэнне ў дзень смерці. Балгарскі тураператар паведаміў пра смерць беларускай турфірме ў Мінску, якая прадала пуцёўку, толькі на трэці дзень. Мінуў тыдзень, а цела жанчыны яшчэ ў Балгарыі. Прычынай смерці ўжо названы “востры панкрэатыт”. Сям’я баіцца, ці прызнаюць выпадак страхавым (па стандартным варыянце страхавання, у выпадку абвастрэння хранічнага захворвання любая выплата прадугледжана ў межах 10% ад страхавой сумы). Дачка кажа, што не мае грошай, каб аплаціць дастаўку цела на радзіму (напрыклад, дастаўка цела з Іспаніі каштуе 5 тысяч еўра).