“Беларуськалій”, МАЗ, БМЗ: “Цяжкасці з продажам ёсць”

Еўрарадыё вырашыла даведацца, як стрымліваюць сусветны крызіс буйныя беларускія прадпрыемствы. Начальнік упраўлення продажу грузавой тэхнікі МАЗа Сяргей Захарэвіч гаворыць Еўрарадыё, што цяжкасці з продажам машын за мяжу сапраўды ёсць. Але спыняць працу прадпрыемства пакуль не збіраецца. Завод, паводле яго слоў, выканае сёлетні план аж на 115%. У тым, што ёсць пэўныя складанасці з продажам прадукцыі за мяжу, прызнаўся Еўрарадыё і адказны супрацоўнік адміністрацыі прадпрыемства “Беларуськалій”. І ўдакладніў – тое, што мы цяпер маем, гэта яшчэ не крызіс. Сапраўдны крызіс нашы прадпрыемствы-экспарцёры чакае наперадзе.

“Беларуськалій”: “Да эканамічнага крызісу яшчэ далёка, пакуль яшчэ толькі рэцэсія. Эканамічны крызіс наперадзе. Ва ўсіх экспарцёраў цяпер ёсць цяжкасці – усе экспарцёры падчас рэцэсіі не могуць не пацярпець. Іншага быць не можа. Церпім і мы”.

Паводле яго слоў, без фінансавых страт у выніку спаду вытворчасці прадпрыемства не абыдзецца, але якія будуць страты ён называць не стаў нават прыблізна. На заробку працаўнікоў прадпрыемства гэта не адаб’ецца і адпраўляць іх у незапланаваны адпачынак кіраўніцтва не збіраецца.

“Беларуськалій”: “Наша задача – падтрымліваць рэальныя даходы супрацоўнікаў. Гэта мы і будзем рабіць”.

Прыблізна тое ж самае сказалі Еўрарадыё і ў прафкаме “Беларуськалія”.

Намеснік намесніка генеральнага дырэктара па эканамічных пытаннях МТЗ Васіль Андрэевіч быў у сваіх ацэнках сітуацыі на прадпрыемстве нават больш катэгарычны.

Васіль Андрэевіч: “Ніякіх крызісаў мы ведаць не ведаем – мы працуем у звычайным рэжыме”.

Але адзін з працаўнікоў МТЗ ўсё ж заўважыў, што калі праца і ідзе ў звычайным рэжыме, то продаж гатовай прадукцыі за гэтым рэжымам не паспявае.

Працоўны МТЗ: “На складах трактары застойваюцца, асабліва продажу цяпер няма. Расійскі рынак у сувязі з гэтым крызісам крыху прыкрыў гандаль з намі. Раней, бывала, таксама трактары стаялі, але ў апошнія некалькі гадоў не было такога, каб столькі”.

Паводле яго слоў, пра магчымы вымушаны адпачынак чутак па прадпрыемстве не ходзіць, а вось пра тое, што заробак могуць затрымаць – ёсць.

Працоўны МТЗ: “Пакуль затрымак з выплатай заробку не было, але чуткі ходзяць, што такія затрымкі могуць быць”.

А ў “Нафтане” “Еўрарадыё” паведамілі, што ім з надыходам крызісу нават лягчэй працаваць стала.

“Нафтан”: “З аднаго боку, крызіс – гэта цяжкасці, а з іншага – наадварот. Бо танней нафта стала. Менш рэсурсаў на яе набыццё трэба. Мы ж акрэдытуемся пад нафту і нам гэта акрэдытаванне стала лягчэй”.

Праўда, на заробку супрацоўнікаў прадпрыемства гэта ніяк не адбілася.

А вось на Металургічным заводзе, па словах намесніка генеральнага дырэктара Надзеі Гаркушы, з сусветным крызісам змагаюцца з дапамогай эканоміі.

Надзея Гаркуша: “У нас непарыўны працэс вытворчасці, і таму сёння завод працуе стабільна, так, як і на працягу ўсяго года. Кіраўніцтва завода і цэхам прымаюць пэўныя меры, каб сабекошт прадукцыі быў меншы, эканомім. Але мы заўсёды гэтым займаліся. Іншых крокаў мы сёння не прымаем, акрамя тых, якія неабходныя для таго, каб калектыў не адчуў на сабе той сітуацыі, што склалася ў свеце. Пакуль мы трымаемся. Шчыра – у нас і прагназавалі, што такое можа здарыцца”.

Праўда, прызнала, што пэўныя складанасці з продажам прадукцыі ў прадпрыемства ёсць, але ўпэўніла, што на заробках супрацоўнікаў гэта не адаб’ецца і ў адпачынак выпраўляць ў іх нікога не збіраюцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі