Беларускаму анархісту забаранілі ўезд ва Украіну

Беларускаму анархісту забаранілі ўезд ва Украіну

30-гадовага беларуса Арцёма Маркіна, які ўцёк з Беларусі праз палітычны пераслед, 3 лістапада не пусцілі ва Украіну.

Хлопец прыляцеў у кіеўскі аэрапорт "Жуляны" з Грузіі, дзе знаходзіўся са жніўня. "З дакументамі ў мяне было ўсё ў парадку — у плане ПЛР-тэсту і страхоўкі. На пашпартным кантролі ў Кіеве памежнік раптам спытаў, ці былі ў мяне праблемы на тэрыторыі Украіны. Праблем не было, ні да якой адказнасці я не прыцягваўся, так яму і сказаў", — перадае reform.by словы маладога чалавека. 

Украінскія памежнікі выдалі Маркіну забарону на ўезд і адправілі назад у Батумі за кошт авіякампаніі. Там ім зацікавіліся грузінскія паліцыянты. "Адвялі таксама да начальніка змены, ён спытаў, чаму мяне не ўпусцілі ва Украіну, пацікавіўся, што мне пагражае ў Беларусі. Пасля гэтага мне ўручылі акт аб вяртанні пасажыра, аддалі пашпарт і адпусцілі без прэтэнзій", — распавядае Маркін.

Хутчэй за ўсё Маркіна не пусцілі ва Укоаіну праз яго анархісцкую дзейнасць.

У Беларусі ён з суседзямі па кватэры быў затрыманы і асуджаны на 15 сутак. У жніўні гэтых жа суседзяў затрымалі паводле крымінальнага артыкула за ўдзел у пратэстах (ч. 1 арт. 342 КК — актыўны ўдзел або арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). І 4 жніўня Маркін з'ехаў з Беларусі. Праз шэсць дзён сілавікі прыйшлі ў кватэру з ператрусам паводле крымінальнага артыкула на самога Арцёма.

Ва Украіне да беларускіх анархістаў ставяцца насцярожана. У красавіку 2021-га СБУ забараніла ўезд у краіну анархістцы Алене Вітко, якая летась уцякла з Беларусі. Тады ж адбыўся ператрус у Аляксея Балянкова, які жыве ва Украіне з 2017 года. СБУ пастанавіла выслаць яго з тэрыторыі Украіны, але працэс удалося спыніць дзякуючы ўмяшанню праваабаронцаў і адвакатаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі