Беларускі добраахвотнік паранены на вайне ва Украіне ўжо пяты раз
Дзяніс Урбановіч / t.me/dzianisurbanovich/
Беларускі добраахвотнік Дзяніс Урбановіч (пазыўны "Ваўкалак") паранены на вайне ва Украіне ўжо пяты раз, паведамляе тг-канал маладафронтаўцаў. Ён з'яўляецца іх кіраўніком, ваюе супраць расійскіх акупантаў у складзе батальёна "Волат" палка Каліноўскага. Вядома, што Урбановіч атрымаў раненне ў правую руку (у яе трапіў аскепак), чарговую кантузію, у яго парваная правая вушная перапонка. Дзяніс Урбановіч у шпіталі. Сябры пішуць, што "яго стан здароўя больш менш добры".
Дзянісу Урбановічу 34 гады. У Беларусі ён кіраваў "Маладым фронтам", яго неаднаразова затрымлівалі. Падчас рэпрэсій быў вымушаны выехаць за мяжу, ваюе з расійскімі акупантамі ўжо паўтара года. У канцы траўня 2022-га Урбановіч быў кантужаны, калі каліноўцы выконвалі баявую задачу на поўдні Украіны. Пэўны час правёў у шпіталі. У сярэдзіне снежня мінулага года ў яго руку патрапіў аскепак. У пачатку студзеня 2023-га добраахвотнік зноў быў паранены — на гэты раз кулявое раненне. У траўні Дзяніса Урбановіча паранілі ў Бахмуце.
У сакавіку сёлета Рада БНР узнагародзіла Урбановіча медалём "За баявыя заслугі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.