Беларускі прэм'ер: з-за мяжы нам падсоўваюць "экзатычныя рэчы"
12 лютага прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка ў сваім выступе на Усебеларускім народным сходзе крытычна выказаўся пра замежныя рэкамендацыі па эканамічных рэформах у Беларусі. Ён згадаў "рэкамендацыі тэарэтыкаў", якія перыядычна з'яўляюцца, і "горача жадаюць рэфармаваць беларускую эканоміку па ліберальным ўзоры так званага Вашынгтонскага кансенсусу, які давёў да эканамічнага краху і дэфолту не адну дзяржаву".
Далей Галоўчанка згадаў замежнікаў: "І нам працягваюць упарта падсоўваць з-за мяжы тыя ж рэцэпты: мінімізацыя ролі дзяржавы ў эканоміцы, маштабная прыватызацыя дзяржаўных актываў, адкрыццё рынку для вольнага ўвозу замежных тавараў". Больш таго, прапануюцца "яшчэ і больш экзатычныя рэчы". Якія? Распусціць Міністэрства прамысловасці і Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, з абурэннем кажа прэм'ер дэлегатам сходу.
"Усё гэта — з так званай праграмы эканамічных рэформаў самаабвешчанага ўрада ў выгнанні", — заявіў Раман Галоўчанка, маючы на ўвазе апазіцыйныя структуры, напрыклад, Народнае антыкрызіснае кіраванне Паўла Латушкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.