Беларускі "самурай" з шабляй рабаваў масквічоў (відэа)
У Маскве затрымалі грамадзяніна Беларусі, які пагражаў падлетку самаробнай шабляй і спрабаваў адабраць у яго каштоўныя рэчы.
Як паведамляюць інфармагенцтвы, 19-гадовы рабаўнік запатрабаваў у 16-гадовага падлетка тэлефон і грошы. Хлопец пагадзіўся аддаць усё, але ў апошні момант спалохаўся і шпурнуў у галаву нападніка свой мабільнік. Злачынец разгубіўся, і падлетак змог уцячы.
Затрымаць рабаўніка ўдалося з дапамогай сведкаў. На беларуса пачалі крымінальную справу за разбой.
Дарэчы, маскоўскія праваахоўнікі падазраюць нашага суайчынніка ў серыі аналагічных нападаў. Раней у паліцыю звярталіся некалькі чалавек, якія паведамлялі, што на іх напаў малады чалавек з шабляй. У пацярпелых адбіралі мабільнікі і кашалькі.
Па словах маладога чалавека, шаблю ён знайшоў у "падзямеллі", калі займаўся дыгерствам — вывучэннем падземных камунікацый.