Беларускі ўрад прыняў пастанову па "дармаедах"
Беларускі ўрад прыняў пастанову па "дармаедах" (№ 881 ад 8 снежня). У чацвер дакумент быў апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале РБ. Галоўнае ў ім — пералік асобаў, якіх не будуць уключаць у базу дадзеных "дармаедаў" (асобаў, не занятых у эканоміцы), пашыраецца. База пачала дзейнічаць з 1 снежня, у яе ўключана каля паўмільёна чалавек.
З ліку "дармаедаў" выключаныя жонкі дыпламатаў (таксама ў базу не трапіць муж работніка адміністрацыйна-тэхнічнага персанала, накіраванай на працу ў дыппрадстаўніцтва за мяжу), уладальнікі маёмасці камерцыйных арганізацый (за выключэннем акцыянерных таварыстваў). Не трапяць у базу "другія паловы" маладых рабочых ці служачых, якія працуюць па размеркаванні, а таксама асобы, якія знаходзяцца пад дыспансерным назіраннем з-за хранічных ці працяглых псіхічных захворванняў. Не будзе там і людзей з сіндромам залежнасці ад алкаголю, наркотыкаў ці таксічных рэчываў. Не трапяць у лік "дармаедаў" і людзі перадпенсійнага ўзросту.
Пастанова Саўміна пашырае інфармацыю, якая будзе ўключацца ў базу. У яе дададуць звесткі пра падданства, дату смерці і дату аб'яўлення фізічнай асобы памерлай, дату прызнання фізасобы недзеяздольнай, ідэнтыфікацыйны нумар і дату нараджэння дзіцяці, дату пазбаўлення ці аднаўлення ў бацькоўскіх правах ды іншае.
Міністэрства адукацыі да 1 красавіка 2019-га мусіць стварыць адзіную базу навучэнцаў.