Беларускія біятланісткі былі блізкія да бронзавых медалёў

Беларускія біятланісткі былі блізкія да бронзавых медалёў

У нядзелю, 13 снежня, у аўстрыйскім Хохфільцэне прайшла жаночая эстафетная гонка 4х6 кіламетраў, у якой беларускі занялі 7-е месца. У складзе беларускай зборнай выступілі Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Ганна Сола і Дар'я Юркевіч.

Надзея Скардзіна скарыстала адзін дадатковы патрон, перадала эстафету на 7-й пазіцыі. Ірына Крыўко здзівіла — на першай стральбе скарыстала дадатковы патрон і наша зборная была на 12-м месцы, але на лыжні біятланістка паказала выдатную хуткасць. На другім рубяжы Ірына не прамахнулася і выйшла на 7-е месца, але эстафету перадала ўжо 6-й!

Ганна Сола на сваім адрэзку эстафеты трапна страляла і вывела зборную Беларусі на 2-е месца! Праўда, да перадачы эстафеты яна ўжо стала чацвёртай — не хапала сілаў.

На 4-ы этап пайшла Дар'я Юркевіч, наперадзе былі прадстаўніцы Нямеччыны, Францыі і Украіны. Даша выдатна адстралялася на сваім першым агнявым рубяжы і ішла на 2-м, пасля на 3-м месцы. Здавалася, што медаль будзе, аднак промах на другім рубяжы ліквідаваў адрыў беларускі ў 15 секундаў ад украінкі Підгрушнай. Відавочна, у Юркевіч не хапіла сілаў на фінішны рывок і яна фінішыравала толькі 7-й. Вынік беларусак: +39,2 (0+3).

У эстафеце перамагла зборная Італіі — 1:05.32,6 (0+8), другое месца ў зборнай Нямеччыны — +0,2 (0+7), украінкі былі трэцімі — +13,1 (0+10). У беларускай зборнай была лепшая стральба і толькі 11-ы вынік на лыжні.

Нагадаем, мужчынская эстафетная гонка пачнецца сёння ў 16.30. Беларуская каманда будзе складацца з Уладзіміра Чапеліна, Юрыя Лядава, Сяргея Бачарнікава і Дзмітрыя Дзюжава.

Фота: Facebook

Беларускія біятланісткі былі блізкія да бронзавых медалёў

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі