Беларускія гімнасткі на хатнім этапе Кубка свету заваявалі сем медалёў

Беларускія гімнасткі на хатнім этапе Кубка свету заваявалі сем медалёў

На хатнім этапе Кубка свету BSB Bank па мастацкай гімнастыцы беларускія гімнасткі выйгралі сем медалёў. Спаборніцтвы завяршыліся 22 траўня ў мінскім Falcon club, перадае БЕЛТА.

У заключны дзень турніру разыгрываліся медалі ў асобных відах. Лідар беларускай зборнай Меліціна Станюта ў нядзелю тройчы ўздымалася на п'едэстал гонару. У практыкаванні з абручом яна заваявала срэбра (18,700 бала), за кампазіцыю з мячом — бронзу (таксама 18,700 бала). Трэцяе месца нашай спартоўцы дасталася і пасля выступу з булавамі (18,650 бала). У практыкаванні са стужкай Станюта заняла пятае месца, а чацвёртае — яшчэ адна наша суайчынніца, Кацярына Галкіна.

Напярэдадні, 21 траўня, Станюта выйграла бронзу ў індывідуальным шматбор'і. Такім чынам, на яе рахунку — чатыры медалі.

Найлепшай гімнасткай мінскага этапу Кубка свету BSB Bank стала расіянка Маргарыта Мамун: яна выйграла ва ўсіх чатырох відах спаборніцтваў — у практыкаваннях з абручом (19,000 бала), мячом (19,150), булавамі (19,100) і стужкай (18,950).

Каманда Беларусі (у складзе Ксеніі Чалдышкінай, Ганны Дудзянковай, Марыі Кадобінай, Марыі Кацяк, Валерыі Пішчэлінай і Арыны Цыцылінай) у групавых практыкаваннях з пяццю стужкамі заняла другое месца — 17,950 бала. Першае месца атрымалі расіянкі — 18,150, бронзу выйгралі гімнасткі з Ізраіля — 17,750 бала.

Затое беларуская каманда перамагла ў заключным відзе праграмы — групавых практыкаваннях з двума абручамі і шасцю булавамі — 18,550 бала. Срэбраныя ўзнагароды выйгралі італьянскія гімнасткі — 18,050, бронзамвыя медалі атрымалі ізраільцянкі — 18,000.

За дзень да гэтага зборная Беларусі заваявала залатую ўзнагароду ў шматбор'і у групавым практыкаванні.

Бліжэйшыя старты беларусак чакаюць з 25 па 30 траўня ў Сафіі, дзе адбудзецца чарговы этап Кубка свету.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі