Беларускія міліцыянты дапамагалі расіяніну прыбраць канкурэнта
Расійскі рыэлтар хацеў рукамі беларускіх праваахоўнікаў ліквідаваць канкурэнта па бізнэсе.
У Расіі асудзілі мужчыну, які з дапамогай беларускіх праваахоўнікаў спрабаваў ліквідаваць свайго канкурэнта па бізнесе.
Як паведамляе БЕЛТА, гаворка ідзе пра 36-гадовага расійскага рыэлтара Уладзіміра Рухлова. Ён "замовіў" свайго канкурэнта міліцыянтам з беларускіх Клімавічаў.
Расследаванне па гэтай справе беларускі Следчы камітэт са студзеня 2012 года вёў сумесна з расійскімі калегамі. У Беларусі асудзілі трох чалавек — супрацоўнікаў міліцыі і следчага. Былы начальнік Клімавіцкага РАУС Аляксандр Арцёменка атрымаў 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, два іншыя фігуранты крымінальнай справы атрымалі 8 і 9 гадоў пазбаўлення волі.
27 студзеня ў Бранскай вобласці скончыўся суд і над замоўцам злачынства. За падбухторванне да перавышэння службовых паўнамоцтваў і незаконныя дзеянні з выбухоўкай Рухлоў атрымаў 7 гадоў пазбаўлення волі.
Фота — serovglobus.ru