Беларускія музыкі: Dream Theater павінен выступіць на "Славянскім базары"!

25 чэрвеня ў Мінску выступаюць самі Dream Theater. Сэт сусветна вядомых амерыканскіх прог-металістаў адбываецца ў межах Metropolis Fest у Палацы спорту. Аншлагу ў зале, на жаль, няма, але публіка збіраецца вельмі розная: ад падлеткаў да пенсіянераў, ад валасатых тру-фэнаў да рабочых у трэніках "Адзідас", ад шараговых меламанаў і да лабухаў і прафесійных музыкаў. Беларускія калегі Dream Theater сочаць за кожным рухам металістаў, фіксуюць усё на свае тэлефоны і дзеляцца шчасцем з сябрамі ў сацсетках. Гітарыст гурта Rel1kt нават вядзе онлайн у Інстаграме.

"Мы бачылі Deep Purple, бачылі Scorpions, але гэта ўсё не тое, ― запэўнівае басіст "Крамы" Аляксандр Ванькевіч. ― Майстэрства, якое сёння нам дэманструюць ― гэта вышэйшы клас! У Мінску яшчэ такога не было. Адна справа — слухаць дыскі, іншая ― глядзець на жыва. Няма слоў. Калі шчыра, гэта не зусім мой гурт, але я люблю яго за майстэрства. Што басіст Маянг, што гітарыст Петручы ― гэта глыбы!".

На сцэне Майк Манджыні за фірмовай ўдарнай ўстаноўкай, Джордан Рудэс у капелюшы чараўніка за наварочаным клавішным стэндам, магутныя волаты Джон Петручы, Джон Маянг і Джэймс ЛаБры. Сэт-ліст прыводзіць фэнаў у захапленне: музыкі выконваюць па адной песні з кожнага альбома пачынаючы з першага 1985 года да апошняга, выдадзенага ў 2013-м. Такога гуку, перашэптваюцца прыхільнікі, Палац спорту яшчэ не чуў (гукач дагэтуль паспеў пакатацца з Korn, Адамам Ламбертам i Джэніфер Лопес), а святло (светлавік катаўся з One Republic) дык увогуле не абмяркоўваецца. Дарэчы, увесь апарат Dream Theater змясціўся ўсяго ў адзін грузавік, сцвярджаюць відавочцы.

"Сыгранасць бездакорная, святло выдатнае, гук нармальны. Усё цудоўна. Вельмі хачу, каб такія гурты былі на "Славянскім базары" і падобных мерапрыемствах, каб расхістаць беларускую ментальнасць", ― усміхаецца бубнач Drum Ecstasy і :B:N: Дзмітрый Харытановіч.

Прыезд Dream Theater у Мінск ― мара ўсяго жыцця машыніста прыгарадных электрычак Аляксандра. Беларускі канцэрт амерыканцаў ― чацвёрты, на якім пабываў малады чалавек.

"Dream Theater ― гэта маё музычнае жыццё. У мяне дзеці і бабулі ведаюць, што такое Dream Theater, ― Аляксандр не хавае эмоцый. ― Dream Theater ― гэта такі гурт, які ніколі не "лажае". Яны заўсёды даюць паўнавартасны сэт жывога гуку. Таму неяк параўноўваць іх выступы ў Варшаве, Піцеры, Кіеве і Мінску, на якіх я быў, няма сэнсу. У іх на кожным канцэрце ёсць свае разынкі, але якасны гук і выкшталцонае выкананне ўласцівыя ўсім выступам, у тым ліку, і ў Мінску".

Dream Theater выступаюць хэдлайнерамі Metropolis Fest ― самага гучнага ў 2015 годзе, як абяцаюць арганізатары. У ім таксама бяруць удзел нарвежцы Leprous, расійская каманда Mechanical Man і мінчане Ivory. Аднак, кажа басіст Kriwi Ціхан Золатаў, усё ж не да канца застаецца зразумелым, што такое Metropolis Fest: канцэрт легендарнага гурта з вялікім разагрэвам ці фэст са сціснутымі сэтамі гуртоў?

"Па-другое, гурт вельмі прафесійна адыграў па песні з кожнага альбома і акуратна сышоў, на "бісавыя" просьбы народу ніяк не адрэагаваўшы, што пакінула выразнае адчуванне машыны і сухасці, ― кідае лыжку дзёгцю мінскі басіст, вядомы ўсім па вялікай колькасці праектаў. ― Зразумела, што ёсць прадзюсары, часовыя межы і яшчэ мноства фактараў. Але пры ўсёй маёй любові да DT, канцэрт, як падзея, у мяне ў памяці ніяк захаваўся". 

Верагодна, чакаючы падобны "наезд" ад беларусаў, вакаліст Dream Theater Джэймс ЛаБры паабяцаў, што ў наступным годзе Dream Theater выпусцяць новы альбом і прыедуць яго прэзентаваць у Мінск.

Leprous

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі