Беларускія музыкі сыгралі для хворых дзетак “канцэрт выдатнай музыкі”

Re:Public. “Дабрачынны канцэрт выдатнай музыкі”. Усе сродкі, атрыманыя падчас акцыі, пойдуць на рахунак  “Беларускага дзіцячага хоспіса”, які і выступіў аўтарам ідэі аб правядзенні канцэрта. Хворыя дзеці прыехалі ў рок-клуб на вазках. Яны слухаюць музыку.

На сцэне адзін другога змяняюць Sun and Ocean, Паліна Рэспубліка, Алег Хаменка, сайд-праект Naka piano… Дарэчы, Наста Шпакоўская з "Накі" актыўна займаецца дапамогай дзіцячым дамам і дзецям-сіротам і заклікае спрычыніцца да дабрачыннасці ўсіх неабыякавых людзей, незалежна ад узросту і сферы дзейнасці.

“Я дапамагаю дзецям як чалавек, а не як музыка, — тлумачыць Наста. — Тут не істотна, якая ў цябе спецыяльнасць, чым ты займаешся, істотна мець жывое сэрца. Гэта ніяк не звязана з канцэртнай дзейнасцю. Таму я прапаную ўсім звязацца са мной па тэлефоне ці праз фэйсбук. Гэта толькі здаецца, што мы не ў сілах нешта змяніць. Паверце, нават некалькі гадзін могуць стаць паваротнымі для гэтых дзетак”.

Меланхалічны настрой  імпрэзы забываецца, калі на сцэне з’яўляюцца Nizkiz.

“Ніхто акрамя нас саміх, не вырашыць за нас, заўжды памятайце пра гэта,” – кажа са сцэны лідар каманды Саша Ільін, анансуючы песню “Это я сам” і тут жа разгублена дадае. — Здаецца, я сам сябе толькі што загнаў у тупік, бо якраз сёння на гэтым канцэрце мы ў пэўным сэнсе вырашаем лёс тых, каму патрэбна дапамога”.

Завяршае вечар выступ Ані Хітрык і гурта “Sounduk” — абаяльная і бясконца энергічная спявачка ўжо шмат гадоў шчыльна займаецца дабрачыннасцю і дапамогай дзіцячым дамам. Пад развітальную кампазіцыю “Давай всё изменим прямо сейчас” Аня нібыта заклікае кожнага з прысутных зрабіць пасільны ўнёсак у дабрачынную справу.

З дапамогай флаераў, што раздаюцца на ўваходзе, арганізатары падлічваюць колькасць наведвальнікаў канцэрту і застаюцца цалкам задаволеныя вынікам.  У іх планах — ператварыць канцэрт ў вялікі фестываль!

“Я яшчэ ў сярэдзіне мерапрыемства пачала разумець, што ў нас усё атрымалася, гледзячы па колькасці людзей ў зале, — распавядае арганізатарка імпрэзы Вольга. — І гэтая шалёная энергетыка – я спецыяльна паднялася наверх, каб паназіраць за людзьмі, і засталася вельмі задаволеная! Таму дзякую ўсім, хто ў нас паверыў — я думаю, што ў нас сапраўды атрымалася”.

Дарэчы, усе тыя, хто не змог трапіць на канцэрт, могуць паўдзельнічаць у зборы сродкаў для праз праект “Мае сэнс” — на сайце якога можна набыць сустрэчу з удзельнікамі канцэрта. Сабраныя грошы пойдуць на падтрымку праграмы “Сацыяльная перадышка”, якая дамапагае цяжка хворым дзецям. Адзін дзень падтрымкі цяжка хворага дзіцяці ў такім цэнтры каштуе тысячу долараў, таму яго падапечныя спадзяюцца і на падтрымку праз дабрачынныя фонды.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі