Беларускія надзеі зімовай Алімпіяды: фрыстайлісты, Домрачава і сенсацыі

Сёмага лютага ў Сочы распачнецца Алімпіяда-2014. На мінулых гульнях у Ванкуверы наша зборныя дасягнула найвышэйшага медальнага выніку ў суверэннай гісторыі ― было золата у фрыстайле, срэбра і бронза у біятлоне. 

З тае пары беларускі спорт пайшоў на спад у фінансах, медыцыне і ў выхаванні новых зорак. Змагацца за Беларусь ў Сочы будуць ужо дасведчаныя і добра вядомыя спартсмены.

Фрыстайл: усе зоркі ў зборы

Залаты медаль фрыстайліста Аляксея Грышына ― адзіная беларуская ўзнагарода найвышэйшага гатунку на зімовых алімпіядах.

Тады, у 2010 годзе, здавалася, што на лыжных акрабатаў у Беларусі звернуць асаблівую ўвагу. У Мінску распачалі будаўніцтва Цэнтра фрыстайла. Але за чатыры гады праект не быў скончаны.

“Тое, што ён недабудаваны, ускладняе нашу падрыхтоўку”, ― канстатуе галоўны трэнер зборнай Беларусі па фрыстайле Мікалай Казека.

Еўрарадыё: "То бок беларусы рыхтуюцца да Алімпіяды ў няроўных умовах з канкурэнтамі?"

Мікалай Казека: “Са многімі камандамі мы загадзя не можам быць у роўных умовах. У расіян, напрыклад,  і зімовая база ёсць на месцы, і мноства годных летніх баз. Нам, напрыклад, даводзіцца праводзіць выязныя зборы. Але Цэнтр па фрыстайле нават апярэджвае сучасныя тэхналогіі. Ён будзе закрыты, выкарыстоўваць яго можна будзе круглы год”.

Трэнер Мікалай Казека

 

Склад нашай мужчынскай зборнай стабільны: Аляксей Грышын і Дзмітрый Дашчынскі. Яшчэ адзін лятун-акрабат Антон Кушнір у снежні гэтага года ўзяў другое месца на этапе Кубка свету. Гэтага спартсмена называюць самым перспектыўным беларускім фрыстайлістам, але раскрыцца напоўніцу яму пакуль не ўдалося.

Набірае форму і дасведчаная фрыстайлістка Ала Цупер, якая нібыта сышла са спорту, нарадзіла дзіця, але вярнулася ў фрыстайл ― у жыцці не стала былога драйву. Ала Цупер двойчы ў гэтым сезоне уваходзіла ў дзясятку найлепшых на этапах Кубку свету. То бок спартсменка можа падысці да Алімпіяды ў годнай і канкурэнтнай форме. 

Нягледзячы на дасягненні беларускага фрыстайла, спартсмены і трэнеры з каманды часта выказвалі незадавальненне ўмовамі, якія, на іх думку, стрымліваюць развіццё віду спорту.

“А ці забяспечваюцца нашы фрыстайлісты ўсім належным абсталяваннем?” ― пытаемся ў галоўнага трэнера.

Мікалай Казека: “Інвентар ёсць, скажу так. Канешне, паступае ён не заўжды своечасова. У нас надумана шмат правіл, якія не адпавядаюць рэчаіснасці. Напрыклад, лыжніку неабходны тры пары лыжаў. Патрэбна гэта для таго, каб іх па-рознаму перад спаборніцтвамі рыхтаваць, у залежнасці ад умоваў надвор’я. Каб цягам выступленняў была магчымасць вар’іраваць інвентар дзеля найлепшага выступлення. А лыжніку ў нас ўзялі і груба гэтыя лыжы распісалі ― у квартал ты можаш атрымаць толькі адну пару”.

Еўрарадыё: "???"

Мікалай Казека: “Гэта тычыцца і іншага. Напрыклад, атрымаў спартсмен боты, яны зламаліся на выязным турніры. Даводзіцца ісці ў краму і іх купляць. І звычайна ў такіх сітуацыях купляеш інвентар не спартыўны, а турыстычны. І гэта ўжо няякасна. Некаторыя людзі ў нас не заўжды разумеюць гэтыя нестыкоўкі. І такія падыходы трэба мяняць. І гэта страшэнна складана рабіць. І такога ў іншых краінах няма, нідзе”.

Натуральна, беды і праблемы беларускага спорту закранулі і фрыстайл. Таму жалезна спадзявацца на добрае выступленне нашых лыжных акрабатаў не варта.

“Трэба ўлічваць тое, наколькі неабектыўны від спорту фрыстайл, як моцна ён залежыць ад складу судзейскай калегіі, — засцерагае Святлана Парамыгіна, эксперт ў зімовых відах спорту і прызёрка Алімпіяды-1994 у біятлоне. ―   Не валодаю інфармацыяй, наколькі шчыльна цяпер прадстаўнікі нашай каманды, наша Федэрацыя працуюць у гэтым плане”.

Такім чынам, шанцы на медалі ў фрыстайле беларуская зборная мае. Стрэліць можа любы з нашых акрабатаў. Але не павінна быць шокам і тое, калі нашы не даскочаць да п’едэстала.

Біятлон: жаночая эстафетная каманда і камандзір Домрачава

Медальныя надзеі Беларусі, безумоўна, звязаныя і з біятланісткай Дар’яй Домрачавай ― прызёркай Алімпіяды і чэмпіёнкай свету.

У гэтым сезоне яна мела чацвёртае месца ў спрынце і шостае ― у індывідуальнай гонцы. Дар’я ― адна з самых хуткіх біятланістак. Вядома, што цяпер яна выходзіць на пік формы, каб выступіць у Сочы з максімальным размахам . Ёсць надзея, хоць і вельмі цьмяная, што да п’едэстала можа даехаць і наша эстафетная жаночая каманда.

Зноў жа, сталёвых гарантый, што падчас Гульняў у Сочы мы будзем святкаваць, медалі нашых біятланістаў, і блізка няма.

Лыжныя гонкі: 40-гадовы беларускі лідар Сяргей Далідовіч

Нельга не заўважыць аднаго з самых зацятых беларускіх спартсменаў ― Сяргея Далідовіча. Гульні ў Сочы будуць шостымі ў яго кар’еры. І, што самае цікавае, вынікі нашага дасведчанага лыжніка чым далей, тым больш паляпшаюцца.

Пікам яго кар’еры стаў  Чэмпіянат свету-2011, дзе Сяргей Заняў 4-е месца ў гонцы на 30 км. Тады ж мас-старт на 50 км складаўся для Далідовіча яшчэ лепш, але лыжнік неспадзявана паваліўся за якія тры сотні метраў ад фінішу  і зламаў палку. Алімпіяда ў Сочы стане апошнім міжнародным стартам у кар’еры нашага дасведчанага лыжніка. І падысці да стартаў ён можа у найлепшай кандыцыі, кажа начальнік нашай каманды па лыжных гонках Аляксей Карней:

“Сяргей Далідовіч і Міхаіл Сямёнаў ― гэта два лідары нашай каманды. А лыжны спорт — гэта такі від, што калі ты хоць раз быў у трыццатцы на этапе Кубку свету, значыцца ― можаш прэтэндаваць на медалі Алімпіяды. У гэтым відзе спорту першае і дзясятае месца могуць падзяляць якія 20 секунд”.

Аднак не варта паддавацца ілюзіям. Беларускі медаль у лыжных гонках будзе выглядаць як сенсацыя і трыумф.

Новых зорак спорту за чатыры гады не з’явілася

Беларускія спартсмены ўжо ўзялі больш за два дзясяткі ліцэнзій на Гульні ў Сочы. Барацьба за права паехаць на Алімпіяду будзе працягваецца да канца студзеня. Але, хутчэй за ўсё, беларусы будуць прадстаўленыя ў пяці дысцыплінах ― у фрыстайле, біятлоне, лыжных гонках, шорт-трэку, хуткім бегу на каньках і горных лыжах. Інтарэсу адымае той факт, што ў Сочы не прабіліся нашы хакеісты.  

Відавочна, што аб’ектыўныя шанцы пазмагацца за медалі мы маем толькі ў фрыстайле і біятлоне. Біцца за медалі будуць ужо добра вядомыя і дасведчаныя нашы спартсмены. Можна сказаць, ветэраны. Маладых суперзорак у зімовых відах спорту беларуская сістэма падрыхтоўкі за чатыры гады не ўзгадавала.

Фота belarus.by, domracheva.by і з архіву Беларускай федэрацыі фрыстайла

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі