Беларускія падлеткі вар'яцеюць ад расійскага медыяфутбола. Але чаму?
Медыяліга
Беларускія падлеткі прыйшлі на "Барысаў-Арэну" паглядзець, як расійскія блогеры гуляюць у футбол. Усе квіткі на матч двух расійскіх клубаў футбольнай медыялігі раскупілі за некалькі дзён да гульні.
Нават дзеці беларускіх футбалістаў паехалі ў той дзень глядзець не на гульню бацькоў, а на расіян. Што адбываецца?
"Хацелася адчуць, што такое футбольная атмасфера"
Іллю (імя змененае) 15 гадоў, і на мінулым тыдні ён заўзеў за "Сахалінец". Ілля ўпершыню паехаў на матч з сябрамі, а не з бацькамі.
— Білет каштаваў усяго тры рублі. Мы ўсе былі вельмі ўзбуджаныя. Амаль усе з нас ведалі, што адбываецца на футбольных матчах, толькі з фільмаў, і было пачуццё прадчування нечага новага, нечага незвычайнага.
Вельмі хацелася адчуць, што такое футбольная атмасфера. Прыемна адчуць, што ты не адзін, што за табой стаяць людзі.
Чаму не беларускі футбол? Хацелася спярша з'ездзіць паглядзець, што гэта наогул такое — футбол. А ўжо потым разабрацца ў беларускіх камандах і глядзець на больш прафесійную гульню. Бо расійская медыяліга — гэта замежныя каманды, і вакол іх няма ніякіх каляфутбольных груповак.
Ілля тлумачыць: ён трохі пабойваецца, што калі ўпершыню прыйдзе заўзець за "Дынама", у яго на трыбунах могуць спытаць, ці добра ён ведае гісторыю каманды.
— А тут можна прыйсці, пазаўзець, атрымаць асалоду — і без наступстваў. Ніхто не будзе задаваць табе пытанні. Каманда, за якую мы заўзелі, прайграла, але мы ўсё адно атрымалі шмат асалоды.
Як выбралі, за каго заўзець? Калі шчыра, мы яшчэ ў чарзе жартавалі на гэтую тэму. А потым аказалася, што мы сядзім у сектары "Б" — да "Сахалінца" адтуль было бліжэй. Вырашылі заўзець за "Сахалінец".
Ілля гуляе ў футбол з сябрамі, і ў тым ліку таму яму падабаецца глядзець на гульню непрафесійнай каманды, параўноўваць гульню хлопцаў са сваёй гульнёй.
— Калі б было нешта падобнае ў Беларусі, вядома, я б глядзеў. Было б выдатна развіць нешта сваё, роднае. Ды і большасць людзей, упэўнены, сачыла б за сваёй медыялігай. Заўсёды хочацца падтрымаць сваіх.
Тлумачым бацькам
Яраслаў Пісарэнка: "Можа, калі б мне было 14, я б таксама глядзеў медыяфутбол"
Некаторыя бацькі не да канца зразумелі, што прывяло іх дзяцей на "Барысаў-Арэну". Мы папрасілі Яраслава Пісарэнку, вядоўцу канала "ЧестнОК", растлумачыць ім, чаму падлеткам цікавей сачыць за расійскай медыялігай, чым за беларускім чэмпіянатам.
Чаму б не пайсці на нармальны футбол?
Калі Яраславу было 14 гадоў, ён глядзеў англійскую прэм'ер-лігу. Але ў яго не было ютуба. Інакш, ён не адмаўляе, месца англійскай прэм'ер-лігі цалкам магла б заняць расійская медыяліга. І ён лёгка можа зразумець, чаму беларускія падлеткі глядзяць яе — а не беларускі чэмпіянат.
— Першы аспект чыста футбольны: для дзіцяці вялікі прафесійны футбол можа быць проста сумным. Гэта досыць кансерватыўная гульня, у якой правілы не мяняюцца шмат гадоў. А калі і мяняюцца, то толькі ў нюансах. У медыялізе ж ёсць свае правілы, якія дадаюць у традыцыйны футбол элементы аркады.
Другі аспект яшчэ прасцейшы: расійскі сегмент ютуба моцна ўплывае на беларускую аўдыторыю. На жаль, вялікая доля кантэнту беларускага ютуба — палітыка. І ў выніку падлеткі ідуць у рускамоўны ютуб.
Якая альтэрнатыва? Беларускі чэмпіянат з яго нізкімі хуткасцямі, невідовішчнай гульнёй і поўнай адсутнасцю шоу? Гэта нецікавы прадукт, за якім ніхто не сочыць, — зусім местачковая гісторыя.
Калі дзіця прыйдзе на стадыён "Будаўнік" у Салігорску — гэта стадыён апошняга чэмпіёна Беларусі, — яно можа і псіхалагічную траўму атрымаць. Гэта выглядае вельмі дрэнна. І калі не ўстаўляе тое, што ў цябе за акном, ты глядзіш расійскую медыялігу.
Я магу зразумець бацькоў, якім не падабаецца, што дзеці глядзяць медыялігу. Але і нічога дрэннага ў гэтым няма, проста час такі, што гэта не кожны можа прыняць.
Спачатку ты глядзіш медыялігу — а потым лепіш "Z" на дзённік?
Расійская медыяліга з яе інфраструктурай з сотні ютуб-каналаў — гэта небяспечна? Як хутка замест футбола там пачнуць трансляваць прапаганду?
— Мы з таварышам спрачаліся, ці ёсць ва ўсім гэтым палітычны складнік. Ён мяркуе, што хлопцы, якія прыйшлі на "Барысаў-Арэну", падтрымліваюць палітыку Расіі. Я зусім не падзяляю гэтую пазіцыю. Людзі ў Беларусі працягваюць жыць, ім хочацца нешта глядзець — і я ўпэўнены, што яны не ўкладалі ў паход на футбол ніякага палітычнага сэнсу.
Я вельмі мала гляджу расійскую медыялігу, але прамой палітычнай прапаганды я не бачыў. Напэўна, калі б Паліна Гагарына спявала там з бутаньеркай Z, хто-небудзь гэта заўважыў бы. Так, думаю, патэнцыйна гэта можа зрабіцца інструментам палітычнай прапаганды, але пакуль, здаецца, нічога такога не адбываецца.
У хлопцаў зусім не той узрост, каб іх цікавілі палітычныя аспекты. Я памятаю сябе ў гэтым узросце — нічога такога мяне не цікавіла.
А ў Беларусі было хоць нешта падобнае?
Яраслаў прызнае: яму шкада, што Беларусь не можа прапанаваць падлеткам ніякай альтэрнатывы. Любіць футбол вельмі проста, калі ў краіне ёсць культура футбола.
— Пры гэтым класныя ўмовы для таго, каб палюбіць футбол, ствараліся ў 2019 годзе, калі Аляксандр Зайцаў прыйшоў кіраваць брэсцкімі "Дынама" і "Рухам". Тады ладзілі "матч-дэй" — вы проста паглядзіце відэа адтуль. Мне тады не верылася, што гэта адбываецца ў Беларусі.
Было вельмі класна, было атмасферна, было шоу, на якое крута было прыйсці з сям'ёй.
Феномен медыяфутбола — гэта нешта накшталт папулярнасці "Слуцка" ў пандэмію?
У разгар каранавіруса, калі ўвесь свет спыніўся, беларускія футбалісты працягвалі гуляць. І прыцягнулі да сябе ўвагу — за беларускім чэмпіянатам на каранціне сачылі ледзь не ва ўсім свеце.
— Розніца паміж папулярнасцю ў пандэмію беларускага "Слуцка" і медыялігай — у тым, што "Слуцк" нічога не зрабіў, каб утаймаваць гэтую хвалю хайпу. А ўнутры медыялігі — сотні каналаў, якія яе падтрымліваюць.
Расказваем падлеткам
Галоўны рэдактар "Трыбуны" Алег Гаруновіч не так лаяльна ставіцца да папулярнасці расійскай медыялігі. Калі мы спісаліся з ім, ён шчыра сказаў, што і сам пакуль яшчэ на тым этапе, калі намагаецца зразумець феномен расійскай медыялігі. Праз содні мы спыталі спадара Алега, ці атрымалася.
— Не. Для мяне гэта невытлумачальна цалкам. Я не ўяўляю, з якой мэтай можна глядзець футбол такога ўзроўню. Але чамусьці глядзяць. І нават дзеці беларускіх футбалістаў аддаюць перавагу расійскай медыялізе, а не матчам бацькоў.
На гэты шабаш ехалі і дзеці былых гульцоў зборнай Беларусі. У той жа час той жа Сяргей Кісляк гуляў у Берасці, але яго жонка цягнула дзяцей у Барысаў.
Дарослы футбол небяспечны? Думаю, пра гэта могуць казаць толькі людзі, якія маюць досвед наведвання матчаў у 90-я. Тады сапраўды першыя фанаты былі прыдуркаватымі, а часам трошкі п’янымі, і ад іх лёгка можна было атрымаць у лоб. І гэтых фанатаў таксама цяжка было назваць знаўцамі клубнай гісторыі.
Цяпер ніхто нікога біць не будзе, проста прыходзь і глядзі.
Што да папулярнасці расійскай медыялігі, тут усё проста: гэта пытанне прасоўвання кантэнту ў сацсетках. У падачы ёсць нешта такое, што чапляе дзяцей. Гэта больш смешна і лёгка, чым дарослы футбол, дзе няма ні гумару, ні недарэчнасцяў, ні прышпілаў.
Наш суразмоўнік нагадвае, што ў беларусаў ёсць каманда, якая стварала варушняк значна раней, чым тое пачала рабіць расійская медыяліга. Так-так, тыя самыя “Крумкачы”.
— Каб “Крумкачам" не заміналі, каб беларускі футбол не быў прывязаны да выканкамаў і чыноўнікаў, усё было б крыху па-іншаму. Трэба проста даць людзям свабоду і магчымасці, і ўсё будзе добра. “Крумкачы” сустракаліся з заўзятарамі, ладзілі сумесныя трэніроўкі з імі, расказвалі пра нейкія ўнутраныя рэчы ў камандзе. Было шмат дзвіжухі — і пры гэтым узровень гульні быў значна лепшым, чым у медыялізе.
Куды беларускаму падлетку пайсці замест матча расійскай медыялігі? Гаруновіч прызнаецца: ён не ўяўляе. Увогуле не ўяўляе, як сёння ў Беларусі хадзіць на стадыёны.
— АМАП, дагляд… Хадзіць на матчы пад такім наглядам — лёгкае вычварэнства.
Магчыма, калі б я мог сёння пайсці на футбол у Беларусі, я б схадзіў на матчы АФЛ — аматарскай футбольнай лігі Мінска. Там простая арганізацыя і прысутнасць лукашыстаў мінімізаваная. І гэты футбол паводле якасці будзе не горшы за расійскую медыялігу.
Ну, і па-ранейшаму ёсць “Крумкачы” — чаму б на іх не хадзіць?
Дык што, папулярнасць расійскай медыялігі — небяспечная з’ява?
— Сёння яна нібыта па-за палітыкай. Але заўтра ім усім могуць сказаць наляпіць літары Z, V i O.
Тлумачаць падлеткі
З медыялігі на "Крумкачоў"
Не трэба недаацэньваць беларускіх падлеткаў — Ілля кажа, што важна, каб выказванні гульцоў былі годнымі. З "Барысаў-Арэны" ён вярнуўся вельмі натхнёным. І ўжо гатовы ісці заўзець за "Дынама" ў наступную суботу.
— А наогул мне падабаецца каманда "Крумкачы", яны блізкія мне паводле духу. Калі футбол мяне зацягне і я буду працягваць хадзіць на матчы, заўзець буду за іх.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.