Сёння Лукашэнка праводзіць нараду, прадпрымальнікі даслалі яму ліст
Грамадскае аб’яднанне "Перспектыва" просіць кіраўніка дзяржавы не падпісваць указ пра абавязковасць суправаджальных дакументаў для ІП.
Паводле гэтага дакумента, ІП, якія выплачваюць адзіны падатак пры рознічным гандлі таварамі, абавязаныя ажыццяўляць перавозку, захоўванне і рэалізацыю гэтых тавараў на падставе дакументаў, якія пацвярджаюць набыццё тавараў. А атрымаць такія дакументы ў Расіі практычна немагчыма. Таму, калі ўказ падпішуць, ён будзе невыканальны.
18 лютага ў Аляксандра Лукашэнкі пройдзе нарада, прысвечаная пытанням працы індывідуальных прадпрымальнікаў. Ці ёсць надзея, што голас прадпрымальнікаў пачуюць? Вось што кажа ў каментары Еўрарадыё кіраўнік "Перспектывы" Анатоль Шумчанка:
"Яшчэ ў 2008 годзе хацелі ўвесці суправаджальныя дакументы, але пасля таго, як "Перспектыва" арганізавала "Марш прадпрымальнікаў", мы сваю пазіцыю адстаялі. Па-другое, той жа тэхрэгламент ужо больш за год мусіць дзейнічаць на нашай тэрыторыі, а ён пераносіцца на нашу просьбу. Тая ж заява Пракаповіча, што з 1 снежня сертыфікаты мусяць быць і "Перспектыва" зноў выступіла. Тыя ж падаткі на 40-60% хацелі падняць, а паднялі, як "Перспектыва" гаварыла. Таму да нас прыслухоўваюцца. Вядома, не ва ўсім, вядома, робяць яны гэта неахвотна".
Шумчанка нагадвае, што ўказ можа закрануць дзясяткі тысяч беларускіх прадпрымальнікаў і іх сем'і. І гэтыя людзі "гатовыя на лакальныя пратэсты на мясцовым узроўні". Дарэчы, пра гэта напісалі ў лісце да Лукашэнкі.
Фота — ria.ru