Беларусу, які вучыўся ў Сарбоне, не дазволілі валанцёрыць на Алімпіядзе
Францыя, Парыж
Беларусы і расіяне, якіх залічылі ў валанцёры на Алімпіяду ў Парыжы, пачалі атрымліваць лісты з адмовамі. Іх матывуюць пытаннямі бяспекі.
"Са шкадаваннем паведамляем, што больш не можам залічыць вас да валанцёраў Парыжа-2024", — цытуе ліст французскае выданне Le Figaro.
Сярод тых, хто атрымаў такі ліст, — 19-гадовы беларус Дзмітрый Шаляпін. Ён вучыцца ў легендарным французскім універсітэце — Сарбоне. Малады чалавек шмат гадоў марыў зрабіцца алімпійскім валанцёрам.
Ліст з адмовай ён атрымаў на гэтым тыдні. І прызнаўся, што не адразу зразумеў, што ён значыць.
"Ты разумееш, што нас выганяюць з Алімпіяды?" — спытаў у яго іншы валанцёр.
Шаляпін сказаў журналістам, што плакаў, калі ўсвядоміў гэтую навіну.
"Яны абыходзяцца з намі як з тэрарыстамі", — дадаў ён.
Кантэкст
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон падазрае Расію ў жаданні перашкодзіць правядзенню Алімпіяды ў Парыжы. У тым ліку ў інфармацыйным полі.
МАК дапусціў расійскіх спартсменаў на летнія Алімпійскія гульні 2024 года ў нейтральным статусе — без сцяга і гімна. Да іх выстаўляюцца і дадатковыя патрабаванні: ні самі спартсмены, ні чальцы іх трэнерскага штаба не павінны выступаць з актыўнай падтрымкай расійскага ўварвання ва Украіну.
Расіянам гэта, вядома ж, не падабаецца. Французскія ўлады кажуць, што з нядаўніх часоў Расія ўзмацніла прапагандысцкі ціск, выкарыстоўваючы фэйкавыя акаўнты ў сацсетках для распаўсюду чутак і дэзінфармацыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.