Беларусы пішуць блогі не з-за ганарыстасці, а з-за смеласці

Адна з самых актыўных айчынных блогераў Марыйка Мартысевіч аспрэчвае адзін з “смяротных грахоў”, які прыпісалі беларусам даследчыкі з часопіса Esquire Амерыканскі часопіс Esquire надрукаваў вынікі даследавання “Сем смяротных грахоў”. У іх лік патрапілі адчай, абжорства, сквапнасць, пажадлівасць, зайздрасць, гнеў, ганарыстасць.

Са 169 дзяржаў Беларусь у спісе на першым месцы. Еўрарадыё вырашыла распытаць экспертаў у розных сферах пра тое, ці сапраўды беларусы паддаліся гэтым сямі смяротным грахам.

У рэйтынгу Esquire Беларусь займае трэцяе месца па адчаі. Вызначалі адчай па колькасці самагубстваў на душу насельніцтва. Псіхатэрапеўт Сяргей Турчук патлумачыў Еўрарадыё, чаму ў нас такі высокі паказчык.

Сяргей Турчук: “Самагубства і адчай — гэта ўсё пра дэпрэсіўны стан. І ў нас сапраўды дэпрэсіўная нацыя. Асобасныя, псіхалагічныя і сацыяльныя фактары гэта вызначаюць. Гэта цэлы кангламерат, вельмі аб’ёмны працэс, у выніку якога змяняецца фон і зніжаецца настрой. Дзяржаве вельмі выгадна трымаць людзей у дэпрэсіўным стане. Таму што калі чалавек адчувае сябе ахвярай, гэты стан яго паралізуе, ён ужо нічога не хоча рабіць. І калі разглядаць феномен адчаю з навуковай кропкі гледжання, то зразумела, чаму Беларусь займае лідэрскія пазіцыі.

Я працаваў у нашай рэспубліканскай клінічнай псіхіятрычнай бальніцы, у 29-м суіцыдальным аддзяленні. Там вельмі вялікія чэргі, каб туды трапіць, не хапае ложкаў, месцаў. З іншага боку, вось мая другая адукацыя – сацыяльны работнік. Гэта людзі, якія мусяць клапаціцца пра сацыяльныя катэгорыі грамадзян. І сацыяльныя работнікі ў нас не працаўладкаваныя. Ёсць жанчыны, якія набываюць бабулям хлеб, і на гэтым сацыяльная служба заканчваецца”.

Афіцыйная медыцынская статыстыка: сярод краін СНД Беларусь ужо 2 гады на першым месцы па колькасці самагубстваў. Вось як яе каментуе Сяргей Турчук:

Сяргей Турчук: “І наўрад ці гэтая статыстыка зменіцца. Там яшчэ розная статыстыка ў жанчын і ў мужчын. Жанчыны ў тры разы часцей за мужчын пачынаюць самагубства, а мужчыны ў тры разы часцей даводзяць яго да канца. У жанчын можа быць 15-25 парасуіцыдаў, дэманстрацыйных, каб у апошні момант яе выратавалі. Мужчыны, як правіла, рана ці позна даводзяць гэтую справу да канца”.

Што тычыцца нечаканага пятага месца па пажадлівасці, то тут Еўрарадыё запыталася меркаванне астролага: што здарылася з беларусамі? Павел Глоба, які, дарэчы, напісаў кнігу “Жэрабя Белай Русі”, кажа, што гэта паклёп, бо Беларусь адна з самых маральна ўстойлівых краін. Глоба тлумачыць гэта тым, што краіна знаходзіцца ў цэнтры Еўропы і “трымае” яе.

Павел Глоба: “Маральныя ўстоі грамадства яна захоўвае. Знаходзячыся ў цэнтры Еўропы, Беларусь з’яўляецца захавальніцай і перашкаджае пачатку апакаліптычнага перыяду”.

А вось ганарыстасць даследчыкі вызначалі па колькасці інтэрнэт-дзённікаў, маўляў, яны з’яўляюцца рэгулярным публічным выкладаннем сваіх меркаванняў. Тут Беларусь у лідэры не вырвалася (цікава, ці ўлічвалі сацыёлагі хуткасць і кошт Інтэрнэту?). Адна з самых актыўных беларускіх блогераў Марыйка Мартысевіч, aka maryjka_, кажа, што ў Беларусі блогі існуюць не з-за ганарыстасці.

Марыйка Мартысевіч: “Мне здаецца, што проста многім беларусам настолькі няма дзе выказацца публічна, што толькі ў сферы блогаў яны могуць гэта зрабіць. Канешне, блогі папулярныя. У нас няма Гайд-парку, дзе можна стаць і сказаць усё, што думаеш, і гэтую функцыю выконвае Інтэрнэт і блогі. Я б не сказала, што гэта ганарыстасць. Рашэнне пісаць штосьці, публікавацца, то бок быць публічнай асобай – на гэта патрэбная хутчэй не ганарлівасць, а смеласць”.

Еўрарадыё жадае вам весці блогі не з-за ганарыстасці, шчыра кахаць і ніколі не адчайвацца. Далібог, наступным разам зоймем іншае месца ў рэйтынгу.

фота — www.ogoniok.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі