Беларусы сабралі на лячэнне азербайджанскага хлопца дзясяткі тысяч долараў

Азербайджанскага падлетка Алі Вяліева, за жыццё якога медыкі і валанцёры ў Беларусі змагаліся 3 гады, тыдзень таму адправілі з бараўлянскага анкацэнтру дадому. Наша медыцына не змагла супрацьстаяць цяжкай анкалагічнай хваробе.

Нагадаем пра гэту сумную і рэзанансную гісторыю. Некалькі гадоў таму ў 13-гадовага азербайджанца Алі Вяліева выявілі лімфабластны лейкоз. На Радзіме яго вылечыць не змаглі, і сям’я паехала шукаць дапамогі ў Беларусі, пайшла ва-банк. Прадалі ўсю маёмасць: кватэру ў Баку ды ювелірныя каштоўнасці. Назбіралі нейкую суму па сваяках, узялі крэдыт. Усяго атрымалася каля 70 тысяч долараў.

Раім: Каб вылечыць сына ў Беларусі, сям'я распрадала маёмасць на 70 тысяч долараў

Грошы падчас лячэння хутка скончыліся. Але да справы падключыліся беларускія валанцёры. Па самых звычайных беларусах, якія не маюць дачынення да Азербайджана.

Матэрыял пра Алі з’явіўся і на Еўрарадыё ў канцы ліпеня. На наступны дзень у рэдакцыю патэлефанаваў мужчына. У хуткім часе чалавек, які назваў сябе Уладзімірам, ахвяраваў на лячэнне азербайджанскага падлетка каля 4000 долараў.

Аказалася, многія простыя беларусы не засталіся ў баку ад праблемы. Людзі перадавалі грошы рознымі спосабамі: залічвалі іх на нумар мабільніка, клалі на банкаўскі рахунак і гэтак далей. Дакладнай лічбы валанцёры не падлічвалі. Але,як мінімум, карэктна казаць пра дзясяткі тысяч долараў.

Тым не менш, два тыдні таму прыйшлі тужлівыя весткі.

“Правялі другі блок хіміятэрапіі, утварыўся на назе тромб. Зрабілі аналізы, Выявілі 90% бластаў і сказалі, што вылечыць гэта ў Беларусі немагчыма. І адправілі дадому, ― распавядае Еўрарадыё валанцёр Юлія Вольская, у звычайным жыцці журналістка. ― Памятаю, у аднаго двухгадовага хлопчыка была такая ж сітуацыя, і ён памёр за месяц. Аднак аказалася, што хваробу можна перамагчы нават на такой стадыі ў Ізраілі ці Германіі. Ды рахункі нам выставілі неймаверныя: 195 тысяч еўра — гэта самае меншае”.

Аднак у самы крытычны момант з’явілася нечаканае выйсце з сітуацыі.

Калі Вяліевы страцілі ў Баку ўсю маёмасць, то ім давялося пераязджаць у вёску да сваякоў, у Шамкірскі раён Азербайджана. Нядаўна тыя мясціны закрануў чарговы азербайджана-армянскі вайсковы канфлікт. У дадзеным выпадку, як бы гэта па-блюзнерску ні гучала, вайна прынесла Вяліевым надзею.

“Пад Мюнхенам маму і Алі пагадзіліся прыняць у якасці бежанцаў. Аплаціць лячэнне”, ― распавядае Жале Вяліева, старэйшая сястра Алі.

Еўрарадыё: Жыццё вашага брата пытанне дзён, а не месяцаў. Чаму вы па-ранейшаму ў Шамкіры?

Жале Вяліева: “Можна было б ляцець у Германію ўжо цяпер, але на візы квіткі і дакументы патрэбна 6000 еўра”.

***

Здавалася б, сума ў 6000 еўра параўнальна з папярэднімі выдаткамі не выглядае завоблачнай. Да таго ж, аказалася, што ў чэрвені сваякі Вяліевых з Расіі перадалі ім каля 9 тысяч долараў, за якія купілі прэпараты для хіміятэрапіі.

Але мы дакладна ведаем, што яны ў вельмі цяжкім фінансавым становішчы. Грошай там няма зусім, толькі запазычанасці, ― акрэслівае сітуацыю валанцёрТаццяна Шуманская, у звычайным жыцці выкладчыца англійскай мовы. ― У Бараўлянах толькі паспаць ноч каштуе каля мільёна рублёў. І мы на лячэнне за месяц збіралі каля 2 тысяч долараў, без уліку “хіміі”. “Клуб 5000” кожны месяц даваў каля 2000$. Гэтыя немалыя сумы збіраліся дзякуючы матэрыялам у СМІ, ролікам на тэлебачанні, суполкам у сацыяльных сетках. Але ўсё гэта на аплату нашых “Бараўлян”, якія абыходзяцца вельмі дорага”.

Валанцёры наракалі і на тое, што ў азербайджанскіх СМІ і дабрачынных арганізацыях падтрымкі не было ўвогуле. Толькі адказы кшталту “вы дапамагаеце, ну, малайцы”.

“Звярталіся ў розныя месцы. Але на дапамогу, у адрозненне ад беларусаў, не адгукаліся. Толькі раілі шукаць знаёмых і грукацца да чыноўнікаў, ― распавядае пра становішча Жале Вяліева. ― Тыя пасылаюць да нашых азербайджанскіх медыкаў. Але ўзровень дапамогі хворым на анкалогію слабы. Алі не маглі паставіць нават правільны дыягназ. У яго ўжо два месяцы цягнуўся рэцыдыў лейкозу, а нам казалі, што ўсё нармальна”.

Як дапамагчы Алі вылечыцца?

Беларускія валанцёры працягваюць дапамагаць азербайджанскай сям’і. Яны хоць сёння маглі б пераправіць палову неабходнай сумы Вяліевым у Азербайджан. Але здарыўся канфуз.

Выявілася, што самы папулярны спосаб для ахвяраванняў ― нумар мабільнага тэлефона. Грошы потым пераводзяцца на EasyPay, хоць за гэту аперацыю бярэцца камісія ў 8%. У суткі на нумар можна класці не больш за 15 мільёнаў рублёў.

“Але так атрымалася, што пасля роліку па тэлеканале АНТ туды за дзень паклалі 18 мільёнаў, ― апісвае сітуацыю валанцёр Таццяна Шуманская.У кампаніі МТС, відаць, падумалі, што адбываюцца нейкія махінацыі. І 41 мільён рублёў там завіс. Мы не можам разблакаваць нумар, бо ён зарэгістраваны на азербайджанскую студэнтку, якая навучаецца ў Мінску, але цяпер падчас канікулаў знаходзіцца дома і вернецца толькі на пачатку верасня. Часу, каб столькі чакаць, няма. А грошы гэтыя цяпер жыццёва неабходныя”.

Еўрарадыё будзе паведамляць пра лёс азербайджанскага падлетка Алі Вяліева, які атрымаў шанец на жыццё у многім дзякуючы звычайным беларускім людзям.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі