Беларусы, якія часта ездзяць у Літву, будуць плаціць падатак на паліва

З 1 траўня для беларусаў, якія часта наведваюць Літву, увядзяць новую пошліну на аўтамабільнае паліва. На сёння ў Літву можна бяспошлінна ўвозіць не болей за 10 літраў паліва для рухавіка на адзін транспартны сродак. Таксама сёння беларусы, якім болей за 17 гадоў, могуць правезці праз мяжу не болей за дзве пачкі цыгарэт. З 1 траўня правілы зробяцца больш жорсткімі.

Не плаціць пошліну за паліва можна будзе толькі тым, хто перасякае беларуска-літоўскую мяжу тры разы на месяц. Ужо на чацвёртую паездку мытнікі налічаць пошліну.

Такая ініцыятыва ідзе ад літоўскага боку. Як паведамілі Еўрарадыё ў Мытным дэпартаменце Міністэрства фінансаў Літоўскай рэспублікі, кантроль тавараў і паліва, якія ўвозяцца падарожнікамі, узмоцнены з улікам досведу суседніх краін і ў мэтах барацьбы з “ценевай эканомікай”. У ведамстве адзначылі, што новаўвядзенне закране не толькі беларусаў, але і літоўцаў, якія часта курсіруюць паміж дзвюма краінамі.

Супрацоўніца дэпартамента: "Будзе фіксавацца і машына, калі чалавек на ёй будзе ехаць і асобна ўезд. Неважна на аўтобусе, на самалёце ці цягніку. Для літоўцаў тое самае. Калі чатыры разы я с поўным бакам буду ехаць, то буду плаціць".

Такім чынам, збор за 10 літраў дызпаліва складзе 4 еўра, на 20 літраў — каля 10 еўра, 60 еўра — каля 25 еўра. За 10 літраў бензіна давядзецца заплаціць 6 еўра, за 20 літраў — каля 13 еўра.

Адметна, што такі збор будуць плаціць нават тыя, хто першыя два разы ехаў у Літву на цягніку ці аўтобусе, а на чацвёрты раз выехаў на сваім аўто.

Таксама будзе ўведзены збор за “лішнія” цыгарэты — ён будзе вар’іравацца ў залежнасці ад маркі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі