Беларусы з ВНЖ у іншых краінах змогуць выязджаць з РБ раз на тры месяцы
Пункт пропуску на беларуска-літоўскай мяжы / @gpkgovby
Урад змяніў правілы выезду за мяжу праз наземныя пункты пропуску. Цяпер уладальнікі віду на жыхарства ў іншай краіне змогуць выязджаць наземным шляхам раз на тры месяцы, а не раз на паўгода, як было прадугледжана раней. Адпаведны дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым партале.
Часцей карыстацца наземным шляхам змогуць і тыя, хто працуе ці вучыцца за мяжой. Толькі трэба будзе прадаставіць дакумент аб гэтым. Раз на тры месяцы таксама змогуць выязджаць з Беларусі і замежнікі з відам на жыхарства ў РБ.
Рашэнне абмежаваць выезд з краіны праз наземныя пункты пропуску было прынята ў снежні 2020-га года. Рашэнне патлумачылі жаданнем не дапусціць распаўсюджванне каранавірусной інфекцыі. Пры гэтым паветраным шляхам можна было карыстацца неабмежаваную колькасць разоў. Аднак з траўня — пасля інцыдэнту з самалётам Ryanair — прамыя пералёты ў большасць еўрапейскіх краін сталі недаступныя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.