“Белая Русь” абяцае сабраць 100 тысяч подпісаў за Лукашэнку за пяць дзён
Колькасць актывістаў арганізацыі на сёння складае 155 тысяч чалавек.
Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Белая Русь” мае намер за пяць дзён сабраць сто тысяч подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Аляксандра Лукашэнку. Пра гэта заявіў старшыня арганізацыі Аляксандр Радзькоў, выступаючы 11 ліпеня ў Мінску на пашыраным паседжанні рэспубліканскага савету аб’яднання.
Каб рэалізаваць гэтую ідэю, трэба выкарыстоўваць усе наяўныя магчымасці — збіраць подпісы на пікетах і хадзіць па кватэрах. Радзькоў падкрэсліў, што “Белая Русь” здольная справіцца з такой задачай, бо колькасць актывістаў самой арганізацыі складае болей за 155 тысяч чалавек.
Таксама Радзькоў адзначыў: неабходна пераканаць выбаршчыкаў, што менавіта Лукашэнка з’яўляецца “нацыянальным лідарам”.
Прэзідэнцкія выбары адбудуцца ў Беларусі 11 кастрычніка, паведамляе БелаПАН.
Фота: БЕЛТА