Цярэшчанку на выбары не пусціла жонка, але ўдвох яны збіралі подпісы за Бабарыку

Віктар Цярэшчанка / фота з асабістага архіва
Віктар Цярэшчанка / фота з асабістага архіва

Эканаміст Віктар Цярэшчанка — сапраўдны ветэран прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Дэпутат Вярхоўнага Савета РБ XIII склікання (1996–2000) удзельнічаў у выбарчых кампаніях чатыры разы: у 1994, 2001, 2010 і 2015 гадах.

Па колькасці прэзідэнцкіх гонак яго абыходзіць толькі заўсёднік выбарчых бюлетэняў Аляксандр Лукашэнка (для яго цяперашняя кампанія — шостая). На роўных з Цярэшчанкам ліберал-дэмакрат Сяргей Гайдукевіч, які вылучаў сваю кандыдатуру чатыры разы запар: у 2001, 2006, 2010 і 2015 гадах.

Удзел у прэзідэнцкай кампаніі 2015 года для Віктара Цярэшчанкі скончыўся мутнай гісторыяй. 28 жніўня палітык трапіў у бальніцу пасля таго, як яму стала дрэнна ў сталічнай кавярні "Грунвальд" праз выпіты там маркоўны сок. Дактары скажуць пра алергію, а сам Цярэшчанка заявіць, што ў рэстаране яго атруцілі, каб "зліць" з выбарчай гонкі. Масла ў агонь падлівала яшчэ і тое, што з раніцы ў "Грунвальдзе" знаходзіліся прэтэндэнт у кандыдаты ў прэзідэнты Таццяна Караткевіч і кіраўнік яе штаба Андрэй Дзмітрыеў.

Ужо ў бальнічнай палаце палітык даведаецца, што 1 верасня ЦВК з сабраных ім 130 тысяч подпісаў прызнаў сапраўднымі толькі... 7 тысяч. 10 верасня Віктар Цярэшчанка здымецца з гонкі, а тая злашчасная шклянка маркоўнага соку выльецца ў доўгатэрміновае аднаўленне здароўя.

Чым цяпер займаецца Віктар Цярэшчанка, чаму ён не вылучыўся ў прэзідэнты сёлета і на што ў яго большая алергія — на маркоўны сок або на Андрэя Дзмітрыева?

Терещенко на выборы не пустила жена, но они вместе собирают подписи за Бабарико

Сустрэцца з Цярэшчанкам асабіста не атрымалася. З красавіка ён жыве ў вёсцы ў Браслаўскім раёне: самаізаляваўся ад каранавіруса разам з жонкай.

За любога, супраць каго ёсць накаты

Еўрарадыё: Віктар Іванавіч, як ваша здароўе?

Віктар Цярэшчанка: Да жніўня 2019 года праходзіў лячэнне, а гэта чатыры гады. Я не афішаваў, але гэта ўсё было цяжка. Дзякуй дактарам і жонцы. Акрамя цяжкага незразумелага стану, ныркі і печань цяжка адыходзілі пасля атручэння. Цяпер адчуваю сябе нармальна. Лічу, што трэба ўдзельнічаць [у выбарчай кампаніі. — Еўрарадыё], таму што ёсць досвед і разуменне і як грамадзянін не хачу быць убаку. Таму я цяпер з Віктарам Бабарыкам. Удваіх з жонкай Наталляй у Браслаўскім і іншых аграрных, з нізкімі даходамі насельніцтва раёнах на поўначы Беларусі сабралі больш за 500 подпісаў у яго падтрымку.

Еўрарадыё: Чаму менавіта Бабарыка?

Віктар Цярэшчанка: Гэта годны кандыдат, які мае досвед, адукацыю, высокі ўзровень кваліфікацыі і культуры — тое, чаго даўно не хапае ўладзе. Асабіста з ім сустракаўся. Добрыя ўспаміны. У працэсе выбарчай кампаніі бачу ў ім смелага чалавека, патрыёта, гатовага ісці да канца дзеля лепшай будучыні краіны. Выбаршчыкі бачаць у ім абсалютную супрацьлегласць дзейнаму прэзідэнту, які мала таго, што парадкам усім надакучыў, але яшчэ і кожным сваім публічным выступленнем адштурхоўвае ад сябе, абражаючы і зневажаючы апанентаў.

Таксама падтрымліваю Валерыя Цапкалу. Знаёмы з ім з 1994 года, разам працавалі ў Адміністрацыі прэзідэнта. Бачу яго прыстойным і падрыхтаваным чалавекам. Бабарыка, Цапкала і Ціханоўская — гэта амаль адзіныя, хто ідзе самастойна. Усіх астатніх лічу спарынг-партнёрамі. Гэта і Чэрачэнь, і Дзмітрыеў, і Канапацкая. Па-мойму, на сённяшні дзень мала ў каго засталіся ў гэтым сумневы.

Збору подпісаў за іх тут [на Браслаўшчыне. — Еўрарадыё] не бачу. Як ім можна давяраць? Тое ж самае і з Гайдукевічам было — ніводнага пікета. Гэтыя людзі ведаюць загадзя, што іх зарэгіструюць у любым выпадку, трэба толькі стварыць бачнасць намаганняў. Ніводзін з гэтых кандыдатаў рэальна не здольны сабраць 100 тысяч подпісаў. Няўжо гэтыя людзі лічаць народ наіўным, дурным, няздольным аналізаваць?

Гэта будзе "плошча"

Еўрарадыё: Як ставіцеся да затрымання Сяргея Ціханоўскага?

Віктар Цярэшчанка: Жахліва. З'ява Ціханоўскіх — унікальная ў гісторыі выбарчых кампаній у Беларусі. Хлопец без палітычнага досведу змог ускалыхнуць народ, абудзіць у ім пачуццё ўласнай годнасці, прыбраць страх адкрыта выказвацца пра недахопы праўлення, пра жаданне перамен у краіне да лепшага, пра жаданне "людзьмі звацца". Тое, што адбылося з Сяргеем Ціханоўскім, — відавочная правакацыя. Яна сведчыць пра вялікі страх Аляксандра Лукашэнкі. Ён не хоча чуць праўду пра сябе і пра стан спраў у краіне, баіцца пратэсту ў масах. Дадзена каманда затрымаць, закрыць рот, не даць магчымасці даносіць праўду да выбаршчыкаў. Аднак атрымаўся адваротны эфект: народ, убачыўшы абуральную несправядлівасць, яшчэ больш арганізаваўся вакол Ціханоўскіх.

Рэальны рэйтынг Лукашэнкі вельмі нізкі, народ больш не хоча бачыць яго на чале краіны. Нават калі ЦВК абвесціць абранне Лукашэнкі, то яго праўленне працягнецца яшчэ 2-3 месяцы, гэта не будзе доўга.

Еўрарадыё: А што адбудзецца за гэтыя 2-3 месяцы?

Віктар Цярэшчанка: Упэўнены, нашы людзі хочуць мірных законных перамен і сумленных выбараў. Але ў выпадку чарговага падману захочуць абараніць свае правы. Абстаноўка напружаная. На фоне падзення ўзроўню жыцця народ больш не верыць абяцанням Лукашэнкі. У выпадку яго перавыбрання будзе масавае непадпарадкаванне. Яно можа праявіцца рознымі спосабамі. І гэтым разам людзі пойдуць не толькі на плошчу ў Мінску, але і ў раёнах, гэта адназначна. Снайперы не дапамогуць, і кулямёт азіяцкага яго калегі [гаворка пра былога прэзідэнта Узбекістана Карымава, які задушыў пратэсты масавымі расстрэламі. — Еўрарадыё] таксама. Абстаноўка вельмі напружаная з падзеннем рэальных даходаў. Больш таго, да восені мы ўбачым падзенне ВУП, звязанае з пандэміяй каранавіруса, зніжэнне заробкаў і скарачэнне рабочых месцаў.

Так, можа быць кроў. Калі кіраўнікі сілавых структур аддадуць злачынны загад, то абавязкова адкажуць за гэта. І нідзе яны ўжо не схаваюцца на гэтай зямлі. Я заклікаю іх успомніць, каму яны давалі прысягу, калі для іх гэта не пустое слова.

Еўрарадыё: Як ставіцеся да барацьбы ўладаў з COVID-19?

Віктар Цярэшчанка: Ніхто не спыніць каранавірус без увядзення належных мер. Тут не трэба было прыдумляць нешта іншае, акрамя каранціну і жорсткага кантролю за распаўсюджваннем віруса, як зрабілі іншыя краіны. У Беларусі не паставіліся сур'ёзна да эпідэміі. Медработнікі не атрымалі своечасова і ў неабходнай колькасці сродкі індывідуальнай аховы, што спрыяла росту колькасці захворванняў перш за ўсё сярод іх. Хто цяпер адкажа за чалавечыя жыцці, цяжкія захворванні людзей і страты блізкіх?

Хачу сказаць вялікі дзякуй валанцёрам, якія ў першых шэрагах падключыліся да праблемы. На валанцёрскія рахункі былі сабраныя тысячы рублёў для бальніц, аказвалася рэальная дапамога. Мне не зразумець, як можна было закрыць платформу "МолаМола" і пазбавіць нашых медыкаў народнай падтрымкі.

Терещенко на выборы не пустила жена, но они вместе собирают подписи за Бабарико
У час прэзідэнцкай кампаніі 2015 года / nn.by

Велізарная доза кафеіну

Еўрарадыё: Чаму вырашылі гэтым разам самі не змагацца за прэзідэнцкае крэсла?

Віктар Цярэшчанка: Прычын некалькі. Я цвяроза ацэньваю сёння свае магчымасці. Да гэтай сур'ёзнай кампаніі трэба было рыхтавацца загадзя, а такой магчымасці не было. Апошнім часам шчыльна займаўся важным для краіны праектам, хацелася давесці пачатае да канца. Спадзяюся, так і будзе. Да таго ж жонка катэгарычна супраць майго ўдзелу. І я яе разумею. Мінулы раз яна сама дапамагала з кампаніяй, але цяпер мяркуе, што мой ліміт асабістага ўдзелу вычарпаны.

Еўрарадыё: З моманту атручэння прайшло амаль 5 гадоў. Цяпер як вы лічыце, што ж тады здарылася? Верыце, што вас атруцілі?

Віктар Цярэшчанка: Маркоўны сок я піў шмат разоў да і пасля гэтага выпадку, ніякай алергіі на яго ў мяне не было. Тэст таксама адмоўны. Першае, што здалося дзіўным, — імгненна вымытая шклянка і кухар з адміністратарам, якія ўцяклі з працы. Пры паступленні ў бальніцу ў мяне адмовіліся ўзяць неабходныя аналізы. Нібыта пры дыягназе "алергія" яны не патрэбныя. Калі мы настаялі на заборы крыві, час быў страчаны. Але адзін аналіз атрымалася захаваць і зрабіць пазней у незалежнай лабараторыі. Складанасць даследавання заключалася ў тым, што мы не ведалі, што шукаць. Тым не менш выявілі велізарную дозу кафеіну. Пры тым што кавы да гэтага я наогул не ўжываў доўгі час.

Пры выпісцы з бальніцы ў эпікрызе ўсе органы і аналізы былі ў норме. Мы правялі самастойнае абследаванне. Высветлілася, што апечаны ўвесь СКТ, павялічана печань і селязёнка, іншыя паказчыкі сведчаць пра хімічнае атручэнне. Пры завядзенні крымінальнай справы высветлілася, што ні адна відэакамера паблізу кавярні і ў кавярні не працавала, сведак нібыта няма, доказаў таксама. Крымінальная справа ў выніку была закрыта. Якая выснова пасля гэтага напрошваецца?

Каму было выгаднае тады маё зняцце з выбараў — зразумела. Я перашкаджаў прынятаму ўладамі сцэнару. У любым выпадку я вінавачу ўлады, таму што яны адказныя за бяспеку грамадзян на нашай тэрыторыі.

Еўрарадыё: Што адбылося з вашымі подпісамі ў 2015 годзе?

Віктар Цярэшчанка: Калі мяне атруцілі, то адно з першых пытанняў журналістаў было — ці працягну я ўдзел у кампаніі. Адказаў станоўча — і тут жа, праз дзень гучная інфармацыя пра падпісныя лісты. Што тут сказаць? Калі 20% подпісаў аказваюцца неверагоднымі — прызнаюцца такімі ўсе 100. У Вярхоўным Судзе, дзе я абскардзіў рашэнне Цэнтральнай выбарчай камісіі, я папрасіў паказаць мне падпісныя лісты, ксеракопіі падпісных лістоў, прозвішчы тых людзей, якіх ЦВК палічыў памерлымі, і гэтак далей. Я не ўпэўнены ў сапраўднасці прадстаўленых матэрыялаў.

Каманда Віктара Бабарыкі вельмі прадбачліва цяпер робіць, арганізаваўшы верыфікацыю кожнага подпісу. Мы на той момант пра гэта не задумаліся. Мяркую, наш выпадак стаўся іншым на навуку.

Еўрарадыё: Як ваш лёс склаўся пасля 2015 года? Чым займаецеся цяпер?

Віктар Цярэшчанка: Па ўзросце я на пенсіі [Віктару Цярэшчанку 70 гадоў. — Еўрарадыё], займаюся рознымі інвестыцыйнымі праектамі. Працую зараз над інавацыйным праектам, каб прыцягнуць найноўшыя тэхналогіі, ноу-хау і замежныя інвестыцыі ў Беларусь. Я быў і застаюся грамадзянінам сваёй краіны і стараюся працаваць на яе карысць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі