У кіраўніка ЦВК Беларусі спыталі пра прымус да галасавання — ён занерваваўся

Датэрміновае галасаванне ў машынабудаўнічым каледжы Гомеля, ілюстрацыйнае фота

Датэрміновае галасаванне ў машынабудаўнічым каледжы Гомеля, ілюстрацыйнае фота / БЕЛТА

У Цэнтрвыбаркам ніхто не звяртаўся са скаргамі на прымус да датэрміновага галасавання, заявіў кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка. Пра тое, што факты прымусу былі, падчас прэс-канферэнцыі Карпенку заявіла журналістка выдання Tochka.by. Але публічна агучваць ўстановы і адрасы яна не рызыкнула. Акрамя таго, адзначыла журналістка, яна таксама была студэнткай, і таксама сутыкалася з такім прымусам. Карпенка адрэагаваў асацыяльна.

"Ну я таксама быў студэнтам, таксама працаваў у ВНУ прарэктарам і гэтак далей. І што далей? Ну, зайшоў у аўдыторыю, сказаў, што ідзе датэрміновае галасаванне, галасаванне арганізаванае на такім участку. Гэта што, заганяць на выбары?"— паспрабаваў запярэчыць ён. Журналістка адзначыла, што ў такіх сітуацыях гаворка звычайна ідзе пра "пагрозы страціць інтэрнат, сесію здаць не вельмі добра".

Карпенка ў адказ успомніў пра ЗША — з ягоных слоў, "на адрозненне ад ЗША", беларусы могуць звярнуцца ў любыя дзяржорганы, ажно да пракуратуры і суду, якія дадуць прававую ацэнку фактам прымусу. Разам з тым ён прызнаў, што "можна бюджэтніка як заўгодна загнаць [на датэрміновае галасаванне] — пытанне толькі ў тым, як ён прагаласуе".

Нагадаем, 25 лютага ў Беларусі прайшоў адзіны дзень галасавання. Паводле звестак ЦВК, яўка склала 72,98% ад колькасці грамадзян, уключаных у спісы. Прычым працэнт людзей, якія прагаласавалі датэрмінова, у арганізатараў "выбараў" аказаўся вышэйшы, чым колькасць людзей, якія прыйшлі на ўчасткі ў асноўны дзень. Незалежнага назірання ў гэтую кампанію арганізавана не было. ЗША і Нямеччына ўжо заявілі аб непрызнанні вынікаў гэтых выбараў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі