Без фота і назіральнікаў: якімі будуць першыя з 2020-га выбары ў Беларусі

У Беларусі 20 лютага пачынаецца датэрміновае галасаванне на парламенцкіх выбарах.

У Беларусі 20 лютага пачынаецца датэрміновае галасаванне на парламенцкіх выбарах. / @rubanau_collage

Выбары лукашэнкаўскіх дэпутатаў адбудуцца ўжо 25 лютага. Прычым гэта будуць выбары і ў парламент, і ў мясцовыя Саветы. Датэрміновае галасаванне пачынаецца ўжо сёння, 20 лютага.

Гэта першыя выбары ў Беларусі з 2020-га — і арганізаваныя яны па новым Выбарчым кодэксе згодна з усімі бзікамі тых, хто хоча ўтрымацца пры ўладзе.

Забаранілі фота

Дзяржава асабліва трывожыцца на тэму фіксацыі падзеяў, таму змены ў Выбарчы кодэкс, прынятыя ў лютым 2023-га, наўпрост забаранілі рабіць фота і відэа запоўненага бюлетэня. А таксама выносіць яго за межы выбарчага ўчастка.

Дайшло да абсурду: МУС нават праводзіў на гэтую тэму вучэнні — міліцыянт на ўчастку заламаў рукі і вывеў выбаршчыка, які праігнараваў таблічкі "фота забароненае" і сфатаграфаваў бюлетэнь. Папярэдне старшыня выбарчай камісіі зрабіла яму заўвагу — а пабачыла яна злоснага парушальніка, бо на кабінцы не было ані шторак, анічога, што забяспечвала б прыватнасць галасавання.

Без фота і назіральнікаў: якімі будуць першыя з 2020-га выбары ў Беларусі
Сюжэт з вучэнняў: міліцыя затрымлівае выбаршчыка, які сфатаграфаваў бюлетэнь / скрыншот відэа СТБ

Што будзе, калі ўсё ж зрабіць фота бюлетэня? Відэа з вучэнняў дае ясна зразумець: як найменш вас скруціць міліцыя. Кодэкс аб адміністрацыйных парушэннях (арт. 10.9) кажа, што за гэта могуць пакараць штрафам да 15 базавых (1800 рублёў).

Беларусы ў замежжы галасаваць не будуць

Звычайна ўчасткі для галасавання за межамі Беларусі адчыняюцца ў афіцыйных дыпламатычных прадстаўніцтвах, то-бок амбасадах або консульствах. На гэтых выбарах дзяржава сардэчна запрашае адказных выбаршчыкаў дамоў. 

Без незалежных назіральнікаў

Выбары-2024 упершыню пройдуць без міжнародных назіральнікаў ад АБСЕ і ААН. Да таго ж, пасля таго, як рэпрэсіі вынішчылі ўсе недзяржаўныя праваабарончыя ініцыятывы — і без беларускіх назіральнікаў таксама.

Для імітацыі захавання законнасці, ЦВК акрэдытаваў на гэтыя выбары 228 прадстаўнікоў СНД. Гэта ўдзельнікі Міжпарламенцкай асабмлеі дзяржаў-удзельніц СНД, Парламенцкай асабмлеі АДКБ, Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі і Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы. Яшчэ назіраць за выбарамі дазволілі 10 прадстаўнікам выбарчых камітэтаў замежных дзяржаў (не ўказана якіх) і 8 чалавекам з ШАС, Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

Выбары яшчэ толькі пачынаюцца, але гасцям прадказальна ўсё падабаецца. У папярэдніх справаздачах яны ўжо рапартуюць, што арганізацыя выбараў у Беларусі — на высокім узроўні.

З трывожнай кнопкай і аператыўным цэнтрам

Падчас выбараў міліцыя будзе працаваць ва ўзмоцненым рэжыме. МУС мабілізаваў не толькі асабісты склад, але і курсантаў Акадэміі МУС, моладзевыя атрады абароны правапарадку, дабравольніцкія дружыны, ветэранаў і ўсіх, каго толькі можна. Усяго больш за 10 тысяч чалавек. У памежных рэгіёнах дапамагаць ахоўваць выбарчыя ўчасткі будуць АМАП і спецназ.

— У параўнанні з папярэднімі электаральнымі кампаніямі ў нас з'явілася новаўвядзенне. Сумесна з іншымі дзяржаўнымі органамі і органамі мясцовай улады мы паставілі задачу абсталяваць аб'екты або будынкі, у якіх знаходзяцца выбарчыя ўчасткі, сістэмамі відэаназірання. Асобныя з іх будуць падключаныя да Рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі, — за два тыдні да пачатку датэрміновага галасавання казаў начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Аляксандр Купчэня.

— Я хачу сказаць усім, у тым ліку тым, хто нас глядзіць з-за мяжы. Такога, як было ў 2020 годзе, калі хадзілі, блакіравалі вуліцы, білі лаўкі, ламалі інфраструктуру, не будзе, — казаў на дзяржтэлебачанні міністр Іван Кубракоў.

“Гэта імітацыя выбараў, псеўдадэмакратыя”

Ужо па тым, як улады падрыхтаваліся да правядзення парламенцкіх выбараў і выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў, відавочна, што яны парушылі асноўныя стандарты.

Там сказана, між іншым, што грамадзянін мае права ўдзельнічаць у выбарах, “якія праводзяцца на аснове ўсеагульнага роўнага выбарчага права пры тайным галасаванні і забяспечваюць свабоднае волевыяўленне выбаршчыкаў”. І забарона фатаграфаваць бюлетэнь ніяк не ўпісваецца ў міжнароднае права і паняцце свабодных выбараў.

— Што такое таемнае галасаванне? Гэта значыць, выбаршчык можа не раскрываць (а можа і раскрыць), якім чынам ён галасуе. Для гэтага і стваралі кабінкі, не каля стала ж проста ставіць галачку, рабілі занавескі. Гэта забяспечвала таемнае галасаванне. 

Без фота і назіральнікаў: якімі будуць першыя з 2020-га выбары ў Беларусі
Праваабаронца Раман Кісляк

— Стандарт такі: павінны быць адкрытыя выбары, але таемнае галасаванне. Усё павінна быць адкрытае і падкантрольнае грамадству, акрамя моманту галасавання. 

Але ўлады зрабілі ўсё наадварот: выбары ўтоеныя, а галасаванне амаль адкрытае, толькі спіной можна закрыцца, калі галачку ставіш, — каментуе Раман Кісляк.

Праваабаронца лічыць, што вучэнні, якія паказалі па дзяржтэлебачанні, дзе міліцыя выводзіць з участка выбаршчыка, што сфатаграфаваў бюлетэнь — гэта запалохванне. І спроба процістаяць альтэрнатыўнай сістэме падліку, падобнай “Голасу” у 2020-м.

— Гэтыя вучэнні накіраваныя на тое, каб запалохаць выбаршчыка, каб выключыць любыя магчымасці па кантролі за выбарамі. У такіх умовах немагчыма забяспечыць свабоднае волевыяўленне выбаршчыка. Улады намякаюць: мы сочым за вамі. Яны дэманструюць, што тых, хто будуць фатаграфаваць ці складаць "гармонік", старшыня камісіі будзе абвінавачваць у парушэннях, міліцыянер будзе затрымліваць, будуць цягнуць у суд, аштрафоўваць, арыштоўваць. Гэтае пасланне грамадству — не думайце нават нешта рабіць.

Гэта — не выбары. Гэта імітацыя выбараў, псеўдадэмакратыя, — падсумоўвае юрыст Раман Кісляк.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі