Для беларусаў, якія жывуць за мяжой, вылучаць адзін участак для галасавання
У Цэнтрвыбаркаме Беларусі
Беларусы, якія цяпер жывуць за мяжой, змогуць прагаласаваць на спецыяльна вылучаным для іх участку ў Мінску, піша БЕЛТА са спасылкай на старшыню Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігара Карпенку. На гэтым "спецучастку" змогуць прагаласаваць беларусы, якія стаяць на консульскім уліку ў беларускіх дыпмісіях за мяжой. Карпенка апісаў іх так: гэта "грамадзяне, якія пражываюць за мяжой, выязджаюць за мяжу на пастаяннае месца жыхарства, атрымалі адпаведныя пашпарты, але пры гэтым пакуль з'яўляюцца грамадзянамі Беларусі і стаяць на консульскім уліку ў нашых дыпламатычных прадстаўніцтвах".
Тыя, хто жывуць за мяжой, але не станавіліся на ўлік, відавочна, могуць прагаласаваць па месцы рэгістрацыі ў Беларусі. Нагадаем, летась у Выбарчы кодэкс Беларусі ўнеслі змены. Адна са зменаў тычылася ўчасткаў для галасавання за мяжой, іх адкрываць больш не будуць. Так званыя "выбары" ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы ў Беларусі пройдуць 25 лютага.
Адзначым, што, толькі паводле афіцыйных звестак МУС, у 2021-2022 годзе з Беларусі з'ехалa больш за 200 тысяч чалавек. Раней камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў называў іншую колькасць тых, хто з'ехаў — 350 тысяч чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.