Белмедуніверсітэт забараняе супрацоўнікам вучыцца на курсах "на старане"
Адміністрацыя медуніверсітэта забараняе супрацоўнікам хвучыць і вучыцца "на старане"
Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт забараняе сваім супрацоўнікам вучыць і вучыцца на якіх-небудзь курсах без спецыяльнага дазволу адміністрацыі. Адпаведны загад рэктара Сяргея Рубніковіча, падпісаны 4 красавіка, публікуе тг-канал "Белыя халаты".
Супрацоўнікам універсітэта забараняецца без дазволу ўдзельнічаць у канферэнцыях, з'ездах, навучальных курсах і г.д., не прадугледжаных планам, які зацвердзіла Міністэрства аховы здароўя. Самастойна чытаць лекцыі (як афлайн, так і анлайн) супрацоўнікі ўніверсітэта таксама не маюць права — толькі па ўзгадненні з непасрэдным кіраўніком і рэктарам.
Каментуючы гэты загад, юрыст Сяргей Зікрацкі заявіў, што ён не адпавядае не толькі міжнародным нормам, але і беларускаму заканадаўству.
"Міжнародныя нормы аб правах чалавека замацоўваюць права кожнага на асабістае жыццё, якое ўключае ў сябе магчымасць самарэалізоўвацца ў прафесійным асяроддзі. Гэта датычыцца і ўдзелу ў адукацыйных мерапрыемствах", — кажа Зікрацкі. Магчымасць выступаць з лекцыямі ён называе рэалізацыяй права на свабоднае выказванне свайго меркавання.
Гаворачы пра беларускае заканадаўства, юрыст падкрэсліў: "Правілы ўнутранага распарадку арганізацыі не могуць абмяжоўваць работнікаў у пытаннях, якія не датычацца яго працы ў гэтай арганізацыі. Удзел у канферэнцыях і адукацыйных мерапрыемствах — гэта асабісты выбар кожнага работніка, які ніяк не звязаны з яго працай у канкрэтнай арганізацыі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.