БЕЛТА патлумачыла, як на сайце з'явілася запрашэнне на Дзень Волі
Здарэнне пракаментаваў гендырэктар дзяржаўнага інфармагенцтва.
Гендырэктар дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА Дзмітрый Жук пракаментаваў з'яўленне на сайце запрашэння на Дзень Волі. Нагадаем, каляровы банер апынуўся ў тэксце адной з публікацый ад 10 сакавіка, пазней ён знік. Узнікла меркаванне, што старонку нехта ўзламаў.
Аднак, як інфармуе БелаПАН, Дзмітрый Жук паведаміў, што малюнак з'явіўся на сайце БЕЛТА памылкова. "Гэта некарэктная праца рэдактара па сайце", — сказаў гендырэктар. Пры гэтым ён не ўдакладніў, якая менавіта ілюстрацыя павінна была быць выстаўлена да навіны пра амерыканскага рыбака і акулу. Не даў пэўнага адказу Жук і наконт таго, ці будзе пакараны згаданы рэдактар.
25 пытанняў і адказаў з гісторыі БНР
Нагадаем, 25 сакавіка адзначаецца Дзень Волі — угодкі абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе. У Мінску пройдуць дазволеныя ўладамі святочныя шэсце і мітынг. Збор удзельнікаў прызначаны ў сераду на 15.00 каля кінатэатра "Кастрычнік". Больш падрабязна гл. тут.