"Белтэлекам" закупляе абсталяванне для блакавання сайтаў

"Белтэлекам" размясціў тэндар на закупку апаратна-праграмнага комплексу, які блакуе інтэрнэт-рэсурсы, а таксама ажыццяўляе збор і захоўванне звестак пра наведванне карыстальнікамі інтэрнэт-рэсурсаў.

Тэндар быў абвешчаны ў пятніцу, 15 траўня. Але пакуль ніякіх заявак не паступала. Як распавялі Еўрарадыё ў "Белтэлекаме", кошт абсталявання не ўказаны, бо там чакаюць прапановаў.

Нагадаем, што ў Беларусі пачаў дзейнічаць новы закон аб СМІ, які дазваляе блакаваць інтэрнэт-рэсурсы за парушэнні. Такія блакаванні ўжо адбываліся сёлета, але адказнасць за іх ніхто не ўзяў — спаслаліся на тэхнічны збой.

Інтэрнэт-правайдары ўжо даўно маюць тэхнічную магчымасць блакаваць сайты, але яны рабілі гэта толькі для дзяржаўных структур і ўстаноў адукацыі. Цяпер сайты можна блакаваць для ўсіх карыстальнікаў у Беларусі. Некалькі сайтаў ужо трапілі ў такі спіс — пераважна гэта наркатычныя рэсурсы. Але блакаванне адбываецца на ўзроўні правайдараў. Цяпер, відаць, "Белтэлекам" закупляе ўласнае абсталяванне.

Дарэчы, зусім нядаўна першае папярэжанне атрымалі два інфармацыйныя сайты – Радыё "Рацыя" і "Свабодны рэгіён".

Фота — mcsholding.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі