Берасцеец вярнуў сабе $100, "ахвяраваныя" на храм
Фота: crosswalk.com
У пятніцу, 20 красавіка, 35-гадовы жыхар Брэста згубіў у гіпермаркеце "Еўраопт" на вуліцы Радужнай сто долараў, і звярнуўся ў міліцыю. Аказалася, грошы знайшоў іншы пакупнiк. Ён не стаў пакiдаць купюру сабе i паклаў яе ў скрыню для ахвяраванняў на будаўніцтва храма-капліцы ў гонар апостала Фамы.
У мiлiцыi Еўрарадыё расказалі, што гаспадар купюры вырашыў "пакінуць грошы для патрэб храма". Маўляў, "хай настаяцель не перажывае — забіраць грошы ён не будзе".
Цікава, што ў дырэкцыі крамы нам выдалі іншую версію фіналу гісторыі:
"У суботу прыйшоў святар, адкрыў скрыню і вярнуў сто долараў ўладальніку".
Што ахвяраванне ўсё ж не адбылося, Еўрарадыё пацвердзілі і ў вайсковай часці 5526 Унутраных войскаў МУС, на тэрыторыі якой вядзецца будаўніцтва храма.
"Калі б наведвальнік "Еўраопта" пакінуў грошы, вось гэта было б цікава! Але ніхто нічога не пакідаў. Міліцыя выявіла грошы ў скрыні для ахвяраванняў. На месцы сабралі камісію і вярнулі іх ўладальніку. Бацюшкі там не было".
Зямлю на будаўніцтва храма-капліцы ў гонар апостала Фамы на тэрыторыі вайсковай часці ў Брэсце Лукашэнка выдзеліў яшчэ ў 2010 годзе. Мінула восем гадоў — там вядуцца апрацоўчыя работы. Так што $100 не былi б лiшнiмi. Але не.