Беспрацоўны: Сяджу ў жонкі на шыі! Раней хоць падпрацоўкі былі, а цяпер — галяк
35-гадовы інжынер-энергетык Мікалай з Мінска працу шукае тры месяцы. Інжынер-энергетык, мае добры досвед працы, пра такіх кажуць “талковы”. На былой працы ён атрымліваў спачатку 800 долараў, пасля — удвая меней, хоць у рублях заробак не змяншаўся.
“Калі ласка, можна пайсці на тры мільёны інжынерам у якую Нацыянальную бібліятэку ці Музей Вялікай Айчыннай вайны… Але чацвёра дзяцей, жонка ў дэкрэце і за гэтыя 3,8 мільёна адказнасці — мора, за такія грошы — не! Многа куды на сумоўі хадзіў, але пакуль не ўладкаваўся”, — кажа Мікалай. Хлопец разлічвае знайсці працу з заробкам ад 8 мільёнаў, інакш сям'ю не пракарміць.
“Я цяпер на ўтрыманні ў жонкі, яна атрымлівае на дзяцей каля 5 мільёнаў. Раней хоць падпрацоўкі былі на “праца бай” шукаў, ці яшчэ дзе, а цяпер — галяк!”
Яшчэ адзін беспрацоўны — 27-гадовы Іван з Віцебска шукае працу з сакавіка. Раней працаваў на “Белвесце”, скарацілі 300 чалавек. Пад скарачэнне трапіў і ён, а новую працу з добрым (хаця б ад 5 мільёнаў заробкам) Івану знайсці не ўдалося.
Вось дадзеныя Мінфіна: за другі квартал болей за 30 буйных працадаўцаў “згубілі” 17 тысяч работнікаў. МАЗ страціў 2300 чалавек, МТЗ — 1756 чалавек, “Белаз” — 1195 чалавек, “Гомсельмаш” — 1073 чалавекі. На “Беларуськаліі” — адразу мінус 1187 чалавек, “Белшына” — 1141.
Белстат прызнае, што беспрацоўе вырасла ў параўнанні з мінулым годам на 50%! Цяпер афіцыйны ўзровень складае каля 1%.
Але кіраўнік ураду Андрэй Кабякоў упэўнены, беспрацоўе ўдалося спыніць.
І ў Кобрынскім цэнтры занятасці мне сапраўды тлумачаць, якім чынам. Тры месяцы таму узровень беспрацоўя тут быў 2%, сёння — 1,5%.
“За кошт вялікага працэнта працаўладкавання і за кошт выключэння з шэрагаў беспрацоўных пасля адмовы ад двух прапаноў працы — такіх фактаў многа”, — супрацоўніца Кобрынскага цэнтра занятасці, пры гэтым кажа, што каля 200 чалавек рэгіструюць на біржы ў месяц. Яшчэ ў чэрвені рэгістравалі каля 300 чалавек…
Такая ж карціна ў Мінскіх цэнтрах занятасці — людзі ідуць, запісацца можна толькі на 7−8 кастрычніка, ці прыйсці і адстаяць чаргу.
Каардынатар моладзевай сеткі прафафсаюза РЭП Андрэй Стрыжак пагаджаецца з Андрэем Кабяковым: калі казаць пра афіцыйную статыстыку, у Беларусі ва ўсіх галінах усё добра.
Андрэй Стрыжак кажа, што ў паказчыкі па беспрацоўі варта аднесці тых, хто працуе па два−тры чалавекі на адным працоўным месцы. І іранізуе: любы крызіс — гэта рух наперад.
“Крызіс — гэта ачышчэнне эканомікі, і калі людзі, якія працавалі на неэфектыўных прадпрыемствах, будуць звольненыя, яны часткова пазбавяцца ад ілюзій, перавучацца і будуць жыць далей. Бо за 20 гадоў людзі вельмі прывыклі не браць на сябе адказнасць, шукаць выйсце. Людзям пара перастаць думаць, што прыедзе Лукашэнка і разруліць сітуацыю, дзякуючы нейкім крэдытам”.