Беспрацоўным плануюць выплочваць 60% заробку на працягу паўгода
Беларускія беспрацоўныя могуць атрымоўваць не цяперашнія дробныя грошы, а ажно 60% ад свайго сярэдняга заробку на папярэдняй працы.
З такой прапановай на пачатку лютага звярнулася ва ўрад Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Пра гэта ў інтэрв'ю "Советской Белоруссии" паведаміў начальнік упраўлення палітыкі занятасці Мінпрацы Алег Токун.
Ведамства выступіла за тое, каб палепшыць становішча людзей з дапамогай страхавання ад беспрацоўя. "На працягу паўгода чалавек, які апынуўся без працы, зможа разлічваць на выплаты ў памеры 60% ад яго сярэдняга заробку на апошнім працоўным месцы", — патлумачыў Токун.
Страхавы фонд плануецца фармаваць у рамках дзеючай сістэмы Фонду сацыяльнай абароны. Як і сацстрахаванне, страхаванне ад беспрацоўя будзе абавязковым. Але атрымліваць такую дарпамогу можна будзе толькі пасля рэгістрацыі ў службе занятасці.
Па падліках Мінпрацы, штомесячны ўнёсак мусіць складаць 0,5% ад фонду аплаты працы. Пры гэтым суму ўнёску прапаноўваецца падзяліць пароўну паміж наймальнікам і работнікам. Гэта значыць, што работнік замест 1% у ФСЗН мусіць плаціць 1,25%. "І наймальнікі, думаю, таксама будуць не супраць, бо гэта здыме з іх пэўны груз сацыяльнай адказнасці за тых, каго звальняюць работнікаў", — заявіў Токун.